Беларуская Служба

Падчас адкрыцця Лукашэнкам маста ў Мазыры гараджанаў не падпусцілі да яго і на 100 метраў

07.11.2025 15:06
Мазыране публікавалі відэа са скаргамі на тое, што ўсе падыходы да маста 6 лістапада падчас візіту Лукашэнкі былі ачэпленыя.
  6
Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця абноўленага маста праз Прыпяць у МазырыФота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця абноўленага маста праз Прыпяць у Мазыры. З ім было мноства чыноўнікаў, але простых беларусаў да яго не падпусцілі, паведамляе «Белсат».

Дыктатар ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзаў сімвалічную чырвоную стужачку. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адкрыты пасля Другой сусветнай вайны мост у Мазыры быў першым і адзіным аўтамабільным мастом праз Прыпяць, але грошай на яго рамонт доўга не было. Паводле яго, цяпер, пасля рамонту, спецыялісты даюць на мост 100-гадовы гарантыйны тэрмін.
«Масты і дарогі – гэта найважнейшая задача дзяржавы. Дзяржава мусіць займацца інфраструктурай», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго прэс-службы, на цырымонію былі запрошаныя прадстаўнікі працоўных калектываў дарожных арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве маста, жыхары Мазырскага раёну. Аднак гэтыя звесткі зняпраўджвае «Флагшток» са спасылкай на відэа гараджанаў у сетцы TikTok.

Як адзначае выданне, мазыране публікавалі відэа са скаргамі на тое, што ўсе падыходы да маста 6 лістапада падчас візіту Лукашэнкі былі ачэпленыя. У выніку некалькі сотняў мазыранаў назіралі за цырымоніяй адкрыцця з набярэжнай з адлегласці некалькіх сотняў метраў.

На самой падзеі ў якасці «простых жыхароў» прысутнічалі загадзя адабраныя працаўнікі дзяржаўнай вертыкалі, дадае «Флагшток».

вс