Беларуская Служба

Ціханоўская: Маем пяціэтапны план па аднаўленні эканомікі Беларусі і аднаўленні незалежнасці краіны

18.11.2025 16:11
Падчас саміту Open Eyes Economy у Кракаве лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская абвясціла, што апазіцыйныя сілы маюць пяціэтапны план па аднаўленні эканомікі Беларусі і аднаўленні незалежнасці краіны.
     Open Eyes Economy  .
Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў саміце Open Eyes Economy у Кракаве.PAP/Art Service

«Мы гатовыя да пераменаў, чакаем гатоўнасці саюзнікаў», – сказала яна.

У Кракаве праходзіць саміт Open Eyes Economy, гэта мерапрыемства, якое аб'ядноўвае лідараў грамадскай думкі, навукоўцаў, палітыкаў, прадпрымальнікаў і дзеячаў культуры для абмеркавання сацыяльна-эканамічных пытанняў.

На адкрыцці сустрэчы лідарка беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская адзначыла, што Беларусь – найлепшы прыклад таго, як дэмакратыя, эканоміка і эканамічнае мысленне пераплятаюцца, і падкрэсліла важнасць свабоды для развіцця і паляпшэння ўзроўню жыцця.

Яна заявіла, што ў выніку эміграцыі з Беларусі ў Еўрапейскім саюзе цяпер знаходзіцца каля 10 000 беларускіх кампаній, якія штогод генеруюць не менш за 5 мільярдаў еўра даходу.

«Мы глыбока верым, што аднойчы гэтыя прадпрымальнікі вернуцца ў маю краіну і дазволяць нам скінуць ярмо тыраніі», – падкрэсліла Ціханоўская. «Мы не ведаем, калі ў Беларусі адбудуцца змены, але верым, што яны адбудуцца. Лукашэнка крыху падобны да дыназаўра з савецкіх часоў. Ён у рэшце вымра. Той жа лёс чакае людзей з яго атачэння», – заявіла Ціханоўская.

Яна таксама выказала меркаванне, што «хутчэй за ўсё, змены ў Беларусі будуць звязаныя з падзеямі ва Украіне». «Калі Украіна пераможа, Расія аслабне, і гэта будзе азначаць вялікую магчымасць для нас, для беларусаў. І менавіта таму мы павінны даць украінцам усё неабходнае сёння, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне. Мы ў Беларусі гатовыя да змен, і мы чакаем гэтай гатоўнасці ад нашых саюзнікаў». «Калі гэтыя перамены адбудуцца, мы павінны зрабіць усё, каб Беларусь знікла з арбіты Расіі», – падкрэсліла Ціханоўская.  

Падчас сустрэчы Ціханоўская абмеркавала пяціэтапны план па аднаўленні эканомікі Беларусі і аднаўленні незалежнасці краіны. Сярод пунктаў – эканамічныя рэформы, у тым ліку шырокая прыватызацыя і ліквідацыя карупцыі, забеспячэнне фінансавай незалежнасці Беларусі праз доступ да міжнародных фінансавых інстытутаў, падключэнне да еўрапейскай энергетычнай сеткі і стварэнне ўстойлівых крыніц энергіі, а таксама развіццё сучаснай энергетыкі, лічбавізацыя.


Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў саміце Open Eyes Economy у Кракаве. Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў саміце Open Eyes Economy у Кракаве. PAP/Art Service

Ціханоўская таксама закранула тэму нелегальнай міграцыі на польска-беларускай мяжы:

«Каб супрацьстаяць гэтаму, мы павінны ў першую чаргу пазбавіць рэжым фінансавых рэсурсаў. Гэта дазволіць нам спыніць ваенную машыну, адначасова ўводзячы важныя міжнародныя санкцыі», – адзначыла яна. На яе думку, неабходна таксама «падтрымліваць звычайных грамадзян», дазваляючы ім эміграваць.

«Я лічу, што мы павінны закрываць незаконныя межы, але заахвочваць нашых грамадзян да таго, каб яны маглі легальна іх перасякаць», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская, падзякаваўшы Польшчы за гасціннасць для  эмігрантаў з Беларусі.

Тэмы 10-га саміту Open Eyes Economy уключаюць глабальныя энергетычныя праблемы і ролю кампаній у стварэнні каштоўнасцяў у сваім асяроддзі, будучыню мясцовых органаў улады і жыллёвы крызіс, псіхічнае здароўе, культуру, міжнародны палітычны парадак і далейшае даследаванне космасу. Саміт арганізаваны Фондам эканомікі і дзяржаўнага кіравання.

Паводле PAP/вх