На фоне заяваў перавозчыкаў аб тым, што з-за затрыманага ў Беларусі грузавога транспарту яны могуць запатрабаваць кампенсацый ад Літвы, міністр транспарту краіны Юрас Тамінскас заявіў, што папярэджанні ўладаў аб рызыках не перашкаджаюць гэтаму бізнесу працягваць дзейнасць на ўсходнім напрамку. Паводле міністра, таму ўрад не мае намеру кампенсаваць стратаў, звязаных з закрыццём мяжы, паведамляе LRP.
«Відавочна, што яны ўсё роўна ездзілі, ездзяць і будуць ездзіць – гэта не зменіць іх меркавання і іх паводзінаў. Калі яны публічна заяўляюць, што працягваюць працаваць на ўсходнім напрамку, то чаму тады трэба патрабаваць ад дзяржавы кампенсаваць панесеныя страты?» – заявіў міністр Тамінскас у чацвер у эфіры «Žinių radijas».
«Гэта не мы іх не выпускаем, іх не выпусціў беларускі рэжым», – дадаў ён.
Паводле слоў міністра, пра гібрыдную атаку Мінска супраць Літвы было паведамлена за тыдзень да закрыцця мяжы, таму калі бізнес працуе на ўсходнім напрамку, то ён павінен быў ацаніць рызыку таго, што «едзеш у дзяржаву-агрэсара».
«Пазоў (аб кампенсацыі страт – рэд.) падаецца супраць таго, хто нанёс шкоду. Урон жа нанёс беларускі рэжым, гэта ён не выпускае (грузавікоў – рэд.)», – падкрэсліў Юрас Тамінскас.
У сераду прадстаўнік Міжнароднага альянсу транспарту і лагістыкі заявіў, што арганізацыя, магчыма, звернецца па кампенсацыю страт, але пакуль незразумела, ці будзе патрабаванне накіраванае Літве ці Беларусі. У сваю чаргу старшыня Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў «Linava» сказаў, што такая ініцыятыва асацыяцыяй пакуль не вылучаецца і ўсё будзе залежаць ад таго, як хутка фуры вернуцца ў Літву.
аз