Беларуская Служба

Расійскага амбасадара выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы

28.12.2019 10:12
Выказваннямі Уладзіміра Пуціна і старшыні Дзярждумы РФ Вячаслава Валодзіна пра прычыны Другой сусветнай вайны выклікалі абурэнне ў Польшчы.
 .
Польскі сцяг.Photo: DavidRockDesign/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскае МЗС выклікала расійскага амбасадара ў Варшаве і выказала свой супраціў адносна выказванняў прадстаўнікоў расійскіх уладаў наконт прычынаў Другой сусветнай вайны, паведаміў віцэ-міністр замежных спраў Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк (Szymon Szynkowski vel Sęk).

Паводле яго, нядаўнія выказванні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і старшыні Дзярждумы Вячаслава Валодзіна, якія абвінавацілі Польшчу ў пачатку Другой сусветнай вайны, не маюць гістарычнага абгрунтавання.

У эфіры TVP Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк заявіў, што меркаванні прадстаўнікоў расійскіх уладаў не адпавядаюць рэчаіснасці.

- Гэтыя выказванні не маюць гістарычнага абгрунтавання. Спроба аспрэчыць калабарацыю Савецкага Саюза з Гітлерам у гадах 1939-1941 - гэта хлусня.

Міністэрства замежных спраў выступіла з заявай па гэтай справе. „Мы з заклапочанасцю і недаверам успрымаем заявы прадстаўнікоў уладаў Расійскай Федэрацыі, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, адносна генезісу і ходу Другой сусветнай вайны”, - чытаем у заяве польскага МЗС.

Міністэрства замежных спраў лічыць, што заявы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна знішчаюць дасягненні яго папярэднікаў - Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына, якія - як чытаем у заяве - нягледзячы на цяжкасці, спрабавалі знайсці шлях праўды і прымірэння ў польска-расійскіх адносінах.

Нагадваем, Уладзімір Пуцін, сярод іншага, сказаў, што прычынай Другой сусветнай вайны быў не Пакт Молатава-Рыбентропа, а Мюнхенскі пакт з 1938 года. Ён таксама заявіў, што ў верасні 1939 году ў Брэсце Чырвоная Армія не ваявала з палякамі і ў гэтым кантэксце „Савецкі Саюз сапраўды нічога Польшчы не забраў”.

аз