Беларуская Служба

У будучым годзе ў Польшчы пачне працаваць Агенцтва па ўзбраенні

24.09.2020 15:15
Агенцтва будзе курыраваць працэс закупак ваеннай тэхнікі для польскай арміі.
    .
Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак.PAP/Radek Pietruszka

Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak) заявіў у Першай праграме грамадскага Польскага радыё, што Агенцтва па ўзбраенні пачне працаваць у наступным годзе.

Агенцтва павінна курыраваць працэс закупак ваеннай тэхнікі для польскай арміі.

Кіраўнік Мінабароны заявіў, што па акце аб стварэнні агенцтва былі праведзеныя кансультацыі з экспертамі:

- Па законапраекце прайшлі ўжо вонкавыя кансультацыі. Два дні таму мы прэзентавалі праект закона па агенцтве, каб даць магчымасць выказацца экспертам. Цяпер мы пачынаем абмеркаванне праекту з урадам, а пазней яшчэ Сейм. Я думаю, што ў будучым годзе Агенцтва па ўзбраенні пачне працу.   

Мэта агенцтва - удасканаліць сістэму закупак тэхнікі і абсталявання для польскай арміі. Міністр Блашчак заявіў, што цяперашняя сістэма закупак, падрыхтавана да бюджэту мадэрнізацыі ў памеры 2 млрд злотых, перастала быць эфектыўнай, бо за апошнія гады выдаткі на мадэрнізацыю арміі павялічыліся ў дзесяць разоў.

аз