Беларуская Служба

У снежні ў Польшчы адбыўся рэкордны рост зарплатаў

21.01.2022 17:27
Рост заработнай платы на больш за 11 працэнтаў – адзін з найбольшых, зафіксаваных цягам апошніх кварталаў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

У снежні на прадпрыемствах, дзе занята больш за 9 чалавек, сярэдняя заработная плата ў гадавым вылічэнні павялічылася на 11,2 працэнта, то бок у сярэднім да амаль 1 470 еўра (6644,39 злотых) з улікам падаткаў і збораў.
Занятасць на прадпрыемствах гэтага тыпу вырасла на 0,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы.

Намеснік дырэктара Польскага эканамічнага інстытута Анджэй Кубісяк(Andrzej Kubisiak) заявіў, што канец 2021 году – гэта час вельмі гарачага рынку працы, асабліва ў плане заробкаў:

- Рост заработнай платы на больш за 11 працэнтаў у гадавым вылічэнні – адзін з найбольшых, зафіксаваных цягам апошніх кварталаў. Гэта з аднаго боку вынік выплатаў розных прэмій і ўзнагародаў, які адбыўся напрыканцы мінулага года. З другога боку, гэта таксама вынік моцнага прэсінгу зарплатаў, на які ўплыў мае павышаяя інфляцыя.

Анджэй Кубісяк дадаў, што дадзеныя аб занятасці здзівілі, паколькі эканамісты спадзяваліся лепшых вынікаў. Тым ня менш намеснік дырэктара Польскага эканамічнага інстытуту чакае, што з канцом зімы і прыходам вясны рынак працы ажывіцца.

IAR/аз