Беларуская Служба

Сенат прыняў рэзалюцыю аб падтрымцы Украіны

04.02.2022 14:43
Тэкст рэзалюцыі старшыня Сенату Томаш Гродзкі ўручыў паслу Украіны ў Польшчы Андрэю Дэшчыцы.
Senat RP
Senat RPфота: Twitter/Senat RP

Сенат (вышэйшая палата польскага парламенту) аднагалосна прыняў рэзалюцыю аб падтрымцы Украіны. Як падкрэсліваюць сенатары, гэта падтрымка палітычнай і фінансавай дапамогі Украіне, пастаўкі зброі і ўдзел вайскоўцаў з краін-сябраў НАТА ў падрыхтоўцы ўкраінскіх салдат.

Праект рэзалюцыі зачытаў дакладчык, былы міністр нацыянальнай абароны, сенатар Багдан Кліх. У ім, між іншым, гаворыцца, што свабодная Украіна з'яўляецца адным з гарантаў бяспекі Польшчы.
«Сёння, калі Украіна сутыкаецца са смяротнай пагрозай – пагрозай чарговага ўварвання – асабліва важна, каб улады РП надзейна падтрымлівалі нашага суседа. Бяспечнай Польшчы без незалежнай Украіны няма», – напісана ў заяве.

Сенатары таксама адзначаюць, што мэта эскалацыі расійскіх дзеянняў ля межаў Украіны – дэстабілізацыя Еўропы, што пагражае «выбухам найбуйнейшага ўзброенага канфлікту з часоў Другой сусветнай вайны».

Тэкст рэзалюцыі старшыня Сенату Томаш Гродзкі ўручыў паслу Украіны ў Польшчы Андрэю Дэшчыцы.

нг