Беларуская Служба

Польшча выступае за такія ж санкцыі супраць Беларусі, як супраць Расіі

20.10.2022 11:32
Гэтае пытанне будзе закранацца падчас сустрэчы ў Бруселі. 
 .
Ілюстрацыйнае фота.Amani A/Shutterstock

Сёння ў Бруселі пачынаецца двухдзённы саміт Еўрасаюзу. Еўрапейскія лідары абмяркуюць, у прыватнасці, барацьбу з энергетычным крызісам, падтрымку Украіны і санкцыі супраць Расіі і Беларусі.

Прэс-сакратар польскага ўраду Пётр Мюлер нагадаў, што на працягу многіх месяцаў, асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне, Польшча ўздымала пытанні механізмаў ЕС, якія выклікаюць рост коштаў на энерганосьбіты.

Мюлер паведаміў, што пытанне энергетычнага пакету таксама будзе закранацца падчас сустрэчы Еўрапейскай рады. Асновай для дэбатаў стане прадстаўлены ў аўторак план Еўракамісіі. Ён ахоплівае, між іншым, сумеснае набыццё газу і ўзмацненне салідарнасці паміж краінамі ў форме сумеснага выкарыстання блакітнага паліва.

Лідары ЕС будуць спасылацца на расійскую агрэсію супраць Украіны, абмяркуюць нядаўнія ракетныя ўдары Расіі па мірным насельніцтве Украіны і аб'ектах крытычнай інфраструктуры, а таксама дзеянні агрэсара на Запарожскай АЭС.

Размова пойдзе таксама пра падтрымку Украіны. Польшча падтрымлівае ўзмацненне як ваеннай, так і макрафінансавай дапамогі. Варшава таксама хоча пачаць далейшую працу над новымі санкцыямі ЕС супраць Расіі.

Еўрапейская рада таксама абмяркуе сітуацыю ў Беларусі. Польшча выступае за сінхранізацыю санкцый супраць Беларусі з санкцыямі супраць Расіі.

IAR PR/нг