Беларуская Служба

Палякам, якія арганізавалі перапраўку нелегальных мігрантаў у Заходнюю Еўропу, былі прад'яўлены абвінавачванні

30.11.2022 14:34
У гэтай працэдуры ўдзельнічалі таксама грамадзяне Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі і нават адзін курʼер з Ізраіля.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Artur Reszko

За ўдзел у арганізаванай злачыннай групе і арганізацыю незаконнай міграцыі будуць адказваць 20-гадовая дзяўчына і 31-гадовы мужчына. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У выніку расследавання ўстаноўлена, што падазраваныя арганізавалі перапраўку не менш за 40 чалавек, якіх везлі з Падляшша ў Заходнюю Еўропу. Як паведаміла прэс-сакратар аддзела Вармінска-Мазурскай памежнай службы маёр Міраслава Александровіч, падазраваных затрымалі на гарачым:

- Яны арганізавалі перапраўку людзей. На самой справе падрыхтавалі ўвесь маршрут ад краіны іх паходжання, найбольш з Іраку, у Мінск, з Мінска да беларуска-польскай мяжы і адтуль на мікрааўтобусах перавозілі іх у Нямеччыну. Іх затрымалі на гарачым падчас дарожнага кантролю.

Практыка прыносіла немалы прыбытак, перадача аднаго чалавека каштавала тысячы долараў.

«Кіроўцам плацілі дзве тысячы злотых ($4,5 тыс.), а іншаземцу за арганізацыю пераезду трэба было заплаціць дзесяць і больш тысяч долараў», – сказала маёр Міраслава Александровіч.

Фігурантамі справы зʼяўляюцца дзевяць чалавек. Большасць затрыманых раней былі судзімыя. Да падазроных прыменены меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі, у тым ліку грашовы задатак.

Маёр Александровіч дадала, што ў гэтай працэдуры ўдзельнічалі таксама грамадзяне Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, палякі і нават адзін курʼер з Ізраіля.

Мігранты, якія нелегальна трапілі ў Польшчу з Літвы, якая таксама змагаецца з іх прытокам з Беларусі, былі грамадзянамі Ірана, Ірака, Таджыкістана, Афганістана і Сірыі.

IAR/яс