Беларуская Служба

23-гадовы паляк абамлеў пры паліцыі, калі пачуў суму штрафу за перавышэнне хуткасці

14.06.2023 21:03
У Польшчы за перавышэнне хуткасці на больш чым 50 км/г прадугледжаныя сур’ёзныя фінансавыя і адміністрацыйныя санкцыі. 
Польскія дарожныя паліцэйскія падчас службы фота: lubuska.policja.gov.pl

Польская дарожная паліцыя спыніла 23-гадовага кіроўцу за перавышэнне хуткасці на трасе хуткага руху ў Мазавецкім ваяводстве (цэнтральная частка Польшчы). Маладзён перавысіў дазволеную хуткасць на 55 км/г. Пасля зверкі дадзеных у паліцэйскай базе аказалася, што ён раней неаднаразова парушаў ПДД, перавышаючы хуткасць. У выніку паліцэйскія за падобнае чарговае парушэнне выпісалі хлопцу штраф у памеры 3 тыс. злотых (больш за 1 тыс. 850 беларускіх рублёў).

Пачуўшы суму штрафу, малады мужчына з-за эмоцый асунуўся на зямлю. Праваахоўнікі прывялі яго ў прытомнасць і запрапанавалі выклікаць хуткую, аднак хлопец адмовіўся. Больш за тое, паліцэйскія выпісалі кіроўцу 13 штрафных балаў.

У Польшчы за перавышэнне хуткасці на больш чым 50 км/г прадугледжаныя сур’ёзныя фінансавыя і адміністрацыйныя санкцыі. У выпадку, калі вадзіцель цягам году набярэ 24 штрафныя балы, то ў яго анулююцца правы на кіраванне транспартным сродкам, а сам ён накіроўваецца на пераздачу.

вс