Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўдзельнічае ў паседжанні Крымскай платформы

23.08.2023 15:39
Канферэнцыя прысвечана сітуацыі на акупаваным Расіяй паўвостраве.
.    .
Ілюстрацыя. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.Фота: Andrzej Hulimka/Forum

Прэзідэнт Анджэй Дуда дыстанцыйна ўдзельнічае ў дыскусіях Крымскай платформы, якія ўжо трэці раз адбываюцца ва ўкраінскай сталіцы. Міжнародная канферэнцыя прысвечана сітуацыі на акупаваным Расіяй паўвостраве.
Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі прэзідэнта Марцін Пшыдач заявіў, што пазіцыя Польшчы накіраваная на захаванне міжнароднага права.

- Міжнароднае права – гэта важнейшы інструмент, які рэгулюе міжнародныя адносіны. Каб у рэгіёне Усходняй і Цэнтральнай Еўропы была стабільная сітуацыя, неабходна вярнуць вяршэнства міжнароднага права. Гэтыя правілы парушыла Расія, калі напала на Крым і акупавала яго. Яна парушыла прынцыпы, якія вынікаюць з хартыі Аб’яднаных Нацыяй.

Марцін Пшыдач дадаў, што яшчэ адной тэмай, якую закрануў прэзідэнт, з'яўляецца сітуацыя крымскіх татараў.

- Але ён таксама разважае пра вяртанне гэтай тэрыторыі Украіне, бо толькі пасля вяртання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны можна будзе казаць пра поўны мір і стабільнасць у Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе.

У дэбатах Крымскай платформы ўдзельнічаюць таксама прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Некаторыя палітыкі, напрыклад, прэзідэнт Венгрыі Каталін Новак, прыехалі ў Кіеў асабіста, а іншыя ўдзельнічаюць у паседжаннях па відэасувязі.

IAR/нг