Беларуская Служба

Падляшскі ваявода: Я нізка схіляюся перад усімі, хто патрабуе, крычыць і заклікае вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі

26.03.2024 09:16
У панядзелак вечарам у Беластоку прайшла штомесячная акцыя салідарнасці з журналістам і адным з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэем Пачобутам.
   .  , 25  2024 .
Акцыя салідарнасці з А.Пачобутам у Беластоку, 25 сакавіка 2024 г.фота: Jowita Chudzik - Radna Miasta Białystok

З моманту арышту прайшло тры гады. Удзельнікі мітынгу заклікалі «не маўчаць» пра Пачобута.

Дэманстрацыя з удзелам некалькіх дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў беларускай дыяспары і палякаў з Беларусі, якія былі вымушаныя эміграваць у Польшчу, праходзіла пад лозунгам «Зняволеныя за польскасць». Удзельнічалі таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага і мясцовага самакіравання. Ва ўсіх выступах падкрэслівалася важнасць нават самых дробных дзеянняў, якія не дазволяць забыць Пачобута і іншых вязняў беларускага рэжыму.

«Адзінае, што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі, – гэта быць разам і памятаць. На ўсіх магчымых узроўнях гаварыць пра тое, што наш калега знаходзіцца ў турме, што ў турме знаходзіцца больш за 1,7 тысячы палітвязняў, і гэтая лічба з кожным днём расце», – заявіў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

«Вельмі важна, каб пасля трох гадоў зняволення вакол справы Анджэя Пачобута не было цішыні», – заявіў журналістам каардынатар польскай дыяспары і палякаў замежжа ў Сенаце Рэспублікі Польшча Робэрт Тышкевіч.

Ён нагадаў, што на мінулым тыдні Сенат аднагалосна прыняў пастанову аб вызваленні Анджэя Пачобута.

«Пераслед людзей толькі за прыналежнасць да адной з нацыянальных меншасцяў недапушчальны ні на цывілізацыйным, ні на дэмакратычным узроўні», – дадаў Тышкевіч. Ён падкрэсліў, што важна, каб голас, які гучыць з акцыі ў Беластоку, тыражаваўся ў іншых гарадах і прысутнічаў у парламенце. «Захаваць гэтую тэму ў парадку дня, што з'яўляецца адным з прыярытэтаў польскай знешняй палітыкі», – адзначыў ён.


«Я нізка схіляюся перад усімі, хто патрабуе, крычыць і заклікае вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі. Анджэй Пачобут – гэта сімвал змагання за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека», – заявіў Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі.

Кіраўніца Падляшскага аддзелу аб’яднання «Wspólnota Polska» Анна Кетліньска звярнулася з просьбай прадаставіць гэтай арганізацыі ўсе матэрыяльныя сляды адносна дзейнасці польскай меншасці ў Беларусі. «Давайце змагацца за памяць, таму што мы павінны ведаць, што шмат фотаздымкаў, якія дакументуюць дзейнасць Саюзу палякаў Беларусі, Анджэя і іншых арыштаваных, былі канфіскаваныя і вывезеныя», – сказала Кетліньска.

У панядзелак беластоцкія дэпутаты прынялі заяву ў сувязі з трэцяй гадавінай затрымання Пачобута. Яны заклікалі беларускія ўлады вызваліць яго, а ўрады Польшчы і іншых краін Еўрасаюзу – актывізаваць свае дзеянні ў гэтым пытанні.


25 сакавіка 2021 года Анджэя Пачобута затрымалі ў Гродне пасля ператрусу на яго кватэры, а затым даставілі ў СІЗА Мінска.

З траўня мінулага года ён адбывае васьмігадовае зняволенне ў калоніі ў Наваполацку, асуджаны за «распальванне варожасці» і «заклікі да дзеянняў на шкоду Беларусі». Беларуская пракуратура абвінаваціла яго ў «рэабілітацыі нацызму», а потым яшчэ і ў закліках да санкцый і дзеянняў на шкоду Беларусі.

Акцыі салідарнасці адбываюцца ў Беластоку з чэрвеня 2021 года ў цэнтры горада, на плошчы ля помніка кс. Ежы Папялушкі. Там жа ёсць інсталяцыя з яго выявай. На днях яна была адноўлена.

ав/РАР

Анджэй Пачобут, голас палякаў у Беларусі і Беларусі ў Польшчы, ужо тры гады за кратамі

25.03.2024 09:33
Журналіст і дзеяч польскай меншасці Анджэй Пачобут ужо тры гады знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.