Беларуская Служба

Сёння — гадавіна пачатку паўстання ў Варшаўскім гета

19.04.2024 09:11
81 год таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета. Каля тысячы слаба ўзброеных габрэйскіх жыхароў гета напалі на немцаў і пачалі няроўны бой, асуджаны на правал.
Rocznica wybuchu powstania w getcie warszawskim.
Rocznica wybuchu powstania w getcie warszawskim.Polskie Radio

Сёння на вуліцах Варшавы можна сустрэць валанцёраў, якія раздаюць папяровыя нарцысы. Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN ужо ў дванаццаты раз ладзіць грамадска-асветніцкую акцыю ў рамках ушанавання пачатку паўстання ў Варшаўскім гета.

Як распавяла намесніца дырэктара музея Луцыя Кох, натхненнем паслужыла гісторыя кіраўніка паўстання Марэка Эдэльмана: «Ён расказаў Ганне Краль, што кожны год 19 красавіка, у гадавіну паўстання ў Варшаўскім гета, атрымліваў букет жоўтых кветак ад ананіма, ну таму што цяпер сезон нарцысаў, ён разам з групай сяброў ускладаў кветкі да помніка героям гета», - сказала Люцыя Кох.

Нарцысы будуць на вуліцах Варшавы; шаблон нарцысаў таксама можна спампаваць на сайце музея POLIN.

Гэтае паўстанне з самага пачатку не разлічвала на ваенны поспех. Габрэі ўсведамлялі, у якой яны сітуацыі,  але вырашылі змагацца, бо хацелі адпомсціць немцам. Доктар Марыя Ферэнц, сацыёлаг з Габрэйскага гістарычнага інстытута, кажа, што трэба звярнуць увагу на моцныя эмоцыі, якія суправаджалі габрэяў-паўстанцаў.

«Эмоцыі помсты, адплаты нам, але таксама і дэманстрацыі немцам, што мы можам,  сталі неверагодна важнымі ў гэты перыяд. Безумоўна, у першыя дні была вялікая эйфарыя, у іх было адчуванне, што нешта атрымлівалася», — кажа даследчыца Халакосту Марыя Ферэнц.

У выпадку паўстання ў гета не магло быць рэгулярных баёў паміж байцамі і нямецкімі войскамі. Габрэі мелі вельмі мала зброі, таму праз некалькі дзён яны пачалі адчайную абарону кожнага будынка, які раней захапілі. «Габрэйская баявая арганізацыя і Габрэйскі  ваенны саюз дэ-факта пераходзяць на партызанскую вайну, таму што не могуць весці іншае змаганне, бо ў іх ужо няма зброі. Яны могуць арганізоўваць толькі начныя напады на немцаў», - сказала доктар Марыя Ферэнц.

Немцы пачалі акцыю высялення людзей з гета і сістэматычнага забойства іх у лагерах смерці ў ліпені 1942 года. Калі ў красавіку 1943 г. выбухнула паўстанне, у гета было 40-50 тыс. габрэяў, з якіх ваявалі толькі каля тысячы. Астатняе насельніцтва было вымушана хавацца ў падвалах і загадзя падрыхтаваных схованках і бункерах.

«Усе ведалі, што іх чакае непазбежная смерць у жудасных умовах», — падкрэслівае доктар Марыя Ферэнц.

«Пастаянна хаваліся ў цішыні, дзе дзень быў ноччу, а ноч — днём, каб гукам не выдаць  немцам, што ў гэтых самых сутарэннях хаваюцца людзі. Яны адчувалі сябе як загнаныя жывёлы, якія павінны падчас палявання хавацца», — кажа даследчыца.

Баі ў гета працягваліся да 15 мая 1943 года. Сімвалічным завяршэннем паўстання стаў падрыў Вялікай сінагогі ў Варшаве, які быў здзейснены немцамі 16 траўня. Падчас паўстання нацысты знішчылі пераважную большасць габрэяў, якія хаваліся, а адразу пасля яго зраўнялі з зямлёй тэрыторыю гета. Толькі невялікай групе байцоў удалося выбрацца з гета і схавацца па іншы бок сцяны.

IAR/вх