Беларуская Служба

Польшча ўзбройваецца. Дапамогуць у гэтым новыя правілы ЕС, датычныя бюджэтнага дэфіцыту

07.03.2025 09:08
Кіраўнікі краін ЕС на саміце ў Бруселі падтрымалі план пераўзбраення Еўропы.
 -       ,          .
Польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск на спецыяльным саміце ў Бруселі, прысвечаным абароне Еўропы ад пагроз з боку Расіі і Беларусі. PAP/EPA/CHRISTOPHE PETIT TESSON

Польшча будзе мабілізаваць іншыя краіны Еўрасаюза павялічыць выдаткі на ўзбраенне і абарону, — заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Шыманьскі (Tomasz Szymański). Палітык задаволены вынікамі саміту Еўрасаюза, падчас якога кіраўнікі краін падтрымалі план па пераўзбраенні Еўропы.

- Супраць нас узбуджана працэдура празмернага дэфіцыту не толькі таму, што мы павышаем выдаткі на ўзбраенні, а таму, што выдаткі на ВПК з бюджэту перавысілі ліміты. З-за гэтага Еўрасаюз узбудзіў супраць нас працэдуру празмернага дэфіцыту. І таму цешыць, што павышэнне выдаткаў на ўзбраенні не будзе працаваць супраць нас.  

Кіраўнікі краін ЕС на саміце ў Бруселі падтрымалі план пераўзбраення Еўропы. Рашэнне было прынята аднагалосна. Гаворка ідзе пра план, які прадставіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Ключавы элемент гэтага плана — пазыковы фонд у памеры 150 мільярдаў еўра, з якога будуць выдзяляць танныя крэдыты на абаронныя інвестыцыі ў ЕС.

Ужо вызначаны прыярытэтныя сферы абарончых магчымасцяў, у якіх неабходна рэалізаваць і фінансаваць еўрапейскія праекты. Гэта, у прыватнасці, супрацьпаветраная абарона, артылерыйскія сістэмы, боепрыпасы, дроны і сістэмы барацьбы з БПЛА. У высновах саміту таксама ідзе гаворка пра ўсходнюю мяжу. Абарона гэтай мяжы, як адзначаецца, спрыяе бяспецы ўсёй Еўропы, яна вельмі важная з увагі на пагрозы з боку Расіі і Беларусі. Гэта адкрывае шлях да фінансавання з боку ЕС польскай ініцыятывы «Шчыт Усход» — сістэмы ўмацаванняў і вайсковай інфраструктуры.

План пераўзбраення Еўропы таксама прадугледжвае магчымасць павелічэння запазычанасці краін — жорсткія абмежаванні па запазычанасці і дэфіцыце будуць аслаблены. Пытанні абароны займаюць палову ўсіх вынікаў гэтага саміту, другая палова прысвечаная Украіне і, у прыватнасці, вайсковай дапамозе, хаця канкрэтных сум пакуль няма. Аднак нават супраць агульных фармулёвак выступіла Венгрыя.

IAR/нг