Беларуская Служба

Антыманапольнае ўпраўленне аштрафавала адміністратара парковак ля папулярных сетак Biedronka i Aldi

08.07.2021 11:07
Кліенты ня мелі магчымасці ўнесці скаргу на неабгрунтаваны штраф за нібыта адсутнасць білета за паркоўку.
ПаркоўкаThiloBecker/pixabay.com/CC0 Public Domain

Упраўленне па ахове канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў наклала штраф у памеры 150 тысяч злотых на кампанію TD System, якая адмініструе паркоўкамі ля крамаў сетак Biedronka i Aldi, за адмову прызнаць законныя скаргі кліентаў.

Упраўленне паведаміла, што ў цяперашні час TD System ужо не адмініструе паркоўкамі ля крамаў Aldi, а за разгляд скаргаў кліентаў сеткі Biedronka адказвае ўладальнік, то бок кампанія Jeronimo Martins Polska.
Ва Упраўленне па ахове канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў паступіла шмат скаргаў кліентаў. Нагадваем, паводле правілаў, паркоўка была бясплатнай на працягу 60 альбо 90 хвілін пры ўмове, што кліент возьме білет з паркамата і змесціць яго за лабавым шклом аўтамабіля. За адсутнасць білета адміністратар паркоўкі накладаў штраф на кліента ў памеры 90 -150 злотых.

Тым часам кліенты скардзіліся, што іх штрафавалі да заканчэння часу бясплатнай паркоўкі, а таксама ў сітуацыі, калі яны, напрыклад, забылі пакінуць білет, або калі білет, проста, упаў на падлогу машыны.

«Мы не ставім пад сумнеў увядзенне платы і абавязку атрымаць білет за паркоўку, але адсутнасці сумленнага стаўлення да спажыўцоў, якія падалі скаргу і змаглі даказаць, што ўзялі білет», – сказаў старшыня ўпраўлення Томаш Хрустны.

аз