«Гэтае адкрыццё мае вялікае значэнне для навукі і гісторыі рэгіёну», — сказаў Павел Віра, кіраўнік Хелмскага аддзела ваяводскага ўпраўлення аховы помнікаў у Любліне.
Стварэнне сякеры ўмоўна адносяць да ранняга неаліту, гэта значыць прыкладна да 4-га тысячагоддзя да нашай эры.
На думку Паўла Віры, прылада магла мець рытуальны характар, быць падарункам бажаству.
Сякера мае форму высокай трапецыі, даўжынёй каля 14,5 см, з крыху пашыраным веерападобным рэзчыкам, крыху ўвагнутай прамавугольнай галоўкай, вагой 678 г. Магчыма, яна трапіла на Любліншчыну з тэрыторыі сучаснай заходняй Венгрыі, або з абласцей Усходніх Альп (паўднёвая Германія і Аўстрыя).
«З навуковага пункту гледжання гэта наша найкаштоўнейшая знаходка. Шмат хто з тых, хто шукае, можа ўсё жыццё блукаць і не знайсці чагосьці такога ж каштоўнага», — сказаў Эдвін Развалка, прэзідэнт Гісторыка-этнаграфічнага таварыства аматараў Люблінскай зямлі «Wschód».
Знаходку зрабіў член таварыства Рамуальд Осьцяк, які 7 красавіка шукаў з дапамогай металадэтэктара ў лесе каля Сенніцы Ружана. У папярэднія месяцы гэты ж чалавек знайшоў серп бронзавага веку, сярэднявечную баявую сякеру і 27 манет часоў праўлення караля Яна ІІ Казіміра Вазы (так званыя баратынкі).
«Звычайна мы знаходзім элементы рыштунку салдат часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Помнікі некалькі тысячагадовай даўніны — гэта добрая перамена для нас», — кажа Развалка.
На наступным тыдні сякеру адправяць у краязнаўчы музей у Красніставе для даследавання.
PAP/вх