Беларуская Служба

Драматычная сітуацыя для садаводаў Польшчы – з-за граду і маразоў пашкоджаныя пладовыя дрэвы

27.05.2024 09:17
Садаводы, чые гаспадаркі пацярпелі ад нядаўняга граду і маразоў, патрабуюць экстранай дапамогі, танных крэдытаў і зменаў у сістэме страхавання.
     -
Драматычная сітуацыя для садаводаў – з-за граду і маразоў пашкоджаныя пладовыя дрэвыФота з адкрытых крыніц

У нядзелю ўвечары праз Апольскі раён на Любліншчыне прайшоў град. Інтэнсіўныя ападкі нанеслі значныя страты сельскай гаспадарцы і садаводству. Найбольш пацярпелі ўладальнікі малінавых плантацый і садоў. У красавіку яны пацярпелі ад начных замаразкаў.

Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі вытворцаў садавіны Рэспублікі Польшча Кшыштаф Цыбулак сказаў, што сітуацыя трагічная, асабліва ад Казімежа Дольнага да Красніка. Паводле яго інфармацыі, шкода складае прыкладна 80-90 працэнтаў.

– Ёсць тыя, хто згубіў на 100 працэнтаў ураджай. Для мяне гэта незразумела, я ніколі не бачыў нічога падобнага: спачатку замаразкі, потым град, – кажа Кшыштаф Цыбулак.

Адказваючы на ​​пытанне аб падтрымцы, ён адзначыў, што, перш за ўсё, неабходная змена сістэмы страхавання ад стыхійных бедстваў, бо кампаніі ўхіляюцца ад страхавання садоў і шматгадовых насаджэнняў. Нягледзячы на ​​дзяржаўныя субсідыі, страхаваць сады не жадаюць з-за высокай рызыкі.

Універсальная сістэма страхавання

– На наш погляд, трэба ўводзіць усеагульную сістэму страхавання. Тады кожны фермер і садавод быў бы абавязаны плаціць за поліс ад стыхійных бедстваў – лепш за ўсё ў камплекце, таму што цяпер мы павінны купляць асобную страхоўку: ад граду, замаразкаў, засухі і г.д., – патлумачыў Кшыштаф Цыбулак.

На ягоную думку, гэта вельмі таннае рашэнне, бо кошт страхоўкі будзе вагацца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў злотых на гектар пасеваў, у залежнасці ад віду. Такім чынам, паводле яго слоў, будзе сабрана як мінімум некалькі сотняў мільёнаў злотых для выплаты патэнцыйнай кампенсацыі.

– Астатняе заплаціць урад, – прапанаваў віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі вытворцаў садавіны Рэспублікі Польшча.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць запуску таннага «аварыйнага» крэдытавання, якое дазволіла б ажыццяўляць рэканструкцыю насаджэнняў, набываць угнаенні і сродкі аховы раслін. Паводле яго слоў, гэта павінна быць не менш за 10 тысяч злотых на гектар у растэрміноўку на 8-10 гадоў.

А таксама нагадаў аб дадатковых сродках з Фонду салідарнасці ЕС, якія фермеры могуць атрымаць у выпадку абʼяўлення ўрадам стыхійнага бедства. Фермеры чакаюць, што сродкі Еўрасаюза будуць выдзелены на спецыяльныя мерапрыемствы – супрацьдзеянне стыхійным бедствам, напрыклад, супрацьградавыя сеткі і супрацьзамярзальныя ўстаноўкі.

– Такія інвестыцыі складаюць да 150 тысяч злотых на гектар у выпадку сетак, – удакладніў віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі вытворцаў садавіны Рэспублікі Польшча Кшыштаф Цыбулак.

Міністэрства сельскай гаспадаркі абвясціла ў чацвер, што камісіі, прызначаныя ваяводамі, цяпер ацэньваюць шкоду, прычыненую, між іншым, у выніку вясновых замаразкаў, граду і моцных дажджоў. Толькі пасля ацэнкі шкоды будзе прынята рашэнне аб аказанні дадатковай дапамогі.

Паводле IAR/PAP/вх