Беларуская Служба

Палякі штогод марнуюць лекі на 1 млрд 400 млн еўра

05.07.2026 16:11
Пратэрмінаваныя ці непатрэбныя лекі ў Польшчы забаронена выкідваць у звычайнае смецце.
Лекіstevepb/pixabay.com/CC0

Палякі марнуюць лекі — штогод аптэкі прымаюць 3 тыс. 300 тон пратэрмінаваных або нявыкарыстаных лекаў. Вернутыя назад у аптэку лекі павінны быць утылізаваныя, гаворыць дырэктар Дэпартаменту медыкаментаў Міністэрства аховы здароўя Польшчы Матэвуш Ачкоўскі.

— Я памятаю, калі яшчэ працаваў у аптэцы, да мяне прыйшла дачка інваліда вайны, які атрымліваў цалкам бясплатныя лекі ад дзяржавы. І яна вярнула 50 упаковак лекаў па цане 400 злотых (93 еўра – рэд.) кожная. Усе яны былі пратэрмінаваныя і, на жаль, іх трэба было ўтылізаваць. Гэта вялізны выдатак для бюджэту! — сказаў прадстаўнік Мінздароўя.

Паводле падлікаў, з-за такога марнатраўства Нацыянальны фонд аховы здароўя, які аплочвае датацыйныя лекі, штогод траціць больш за 6 млрд злотых (больш за 1 млрд 401 млн еўра). З іншага боку, складана ацаніць, колькі пратэрмінаваных лекаў трапляе на смеццезвалкі і забруджвае навакольнае асяроддзе.

Пратэрмінаваныя ці непатрэбныя лекі ў Польшчы забаронена выкідваць у звычайнае смецце. Іх неабходна бясплатна здаваць у спецыяльныя кантэйнеры, устаноўленыя ў аптэках, паліклініках, установах аховы здароўя або здаваць у Пункты раздзельнага збору смецця (PSZOK).

Права на атрыманне бясплатных або датацыйных (субсідаваных) лекаў у Польшчы маюць асобы, застрахаваныя ў сістэме дзяржаўнага медыцынскага страхавання (NFZ), або якія маюць спецыяльнае законнае права на бясплатную медыцыну.

Зніжка або поўнае фінансаванне прадастаўляюцца толькі на лекі, якія ўваходзяць у афіцыйны дзяржаўны рэестр датацыйных прэпаратаў (Lista leków refundowanych).

У Польшчы дзейнічаюць мэтавыя дзяржаўныя праграмы, якія дазваляюць асобным катэгорыям насельніцтва атрымліваць пэўныя медыкаменты бясплатна (па рэцэпце са спецыяльным кодам). Гэта, у прыватнасці, дзеці і падлеткі, пажылыя людзі ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя, цяжарныя жанчыны, донары крыві, ваенныя інваліды і ветэраны і інш.

вс