У Польшчы пачаў працу Фонд бяспекі і абароны з бюджэтам каля 23 млрд злотых (каля 5,3 млрд еўра). Урад называе яго першым у Еўропе інструментам такога тыпу. Фонд створаны за кошт сродкаў Нацыянальнага плана аднаўлення і прызначаны для ўмацавання абаронных магчымасцяў краіны.
Падчас прэзентацыі праекта віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што фонд стане асновай для стварэння больш бяспечнай Польшчы.
— Гэта інструмент, дзякуючы якому мы рэалізуем план будаўніцтва бяспечнай Польшчы — найбольш бяспечнага месца ў Еўропе, — сказаў палітык.
З агульнай сумы фонду 6 млрд злотых (каля 1,4 млрд еўра) будзе накіравана на праекты мясцовых уладаў: будаўніцтва сховішчаў, абарону крытычнай інфраструктуры, кібербяспеку і іншыя меры грамадзянскай абароны. Яшчэ 7 млрд злотых (каля 1,6 млрд еўра) атрымае дзяржаўная інвестыцыйная кампанія Chrobry S.A., якая будзе падтрымліваць праекты абароннай прамысловасці як у дзяржаўных, так і прыватных кампаніях.
Фонд таксама будзе фінансаваць развіццё абаронных аб’ектаў, вытворчых ліній, дарог, мастоў і іншай інфраструктуры падвойнага прызначэння.
iar/эж