Дзяжурная пара польскіх знішчальнікаў 4 жніўня перахапіла расійскі разведвальны самалёт Іл-20М над Балтыйскім морам за 56 кіламетраў на паўночны захад ад Кашаліна. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Паводле Міністэрства нацыянальнай абароны, расійскі самалёт не парушаў паветраную прастору Польшчы і знаходзіўся ў міжнароднай паветранай прасторы. У той жа час кіраўнік абароннага ведамства адзначыў, што Расія працягвае правакацыйныя дзеянні каля межаў краін НАТА, правяраючы гатоўнасць сістэм супрацьпаветранай абароны Альянсу.
Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошнія двое сутак. Напярэдадні польскія ВПС таксама перахапілі Іл-20 над Балтыкай прыкладна за 60 кіламетраў ад Лебы. Паводле польскага боку, тады самалёт ляцеў у міжнароднай паветранай прасторы без плана палёту і з адключаным транспондарам. Польскія вайскоўцы падкрэсліваюць, што працягваюць кругласутачна кантраляваць сітуацыю і пры неабходнасці неадкладна рэагуюць на падобныя інцыдэнты.
iar/pap/эж