Беларуская Служба

Будаўніцтва Nord Stream 2 працягнецца да канца 2020 года

28.12.2019 15:11
Паводле нямецкіх СМІ, такім чынам адбудзецца з-за амерыканскіх санкцый, уведзеных супраць згаданага праекту.
.    .
Газ. Здымак мае ілюстрацыйны характар.InspiredImages/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нямецкія СМІ прызнаюць, што ў выніку санкцый ЗША, накладзеных на кампаніі, якія будуюць газаправод Nord Stream 2, завяршэнне будаўнічых работ працягнецца да канца 2020 года.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен, як і нямецкі ўрад, а таксама прадстаўнікі бізнесу, раскрытыкавалі санкцыі ЗША.

У інтэрв'ю тыднёвіку „Der Spiegel” Урсула Фон дэр Ляйен прызнала, што Nord Stream 2 часткова мае палітычнае значэнне, аднак Еўрасаюз выступае супраць любых санкцый у дачыненні да еўрапейскіх кампаній, якія працуюць у адпаведнасці з законам.

Расейска-нямецкі газаправод рэзка крытыкуе Украіна, якая таксама перасцерагае Германію перад празмернай залежнасцю ад Масквы.

„Германія зараз будуе газаправод з Расіяй, але яна павінна памятаць пра тое, што гэта Расія застаецца пастаўшчыком згаданага газу”, - заявіў нямецкім СМІ кіраўнік украінскай дыпламатыі Вадзім Прыстайка. На яго думку, і Берлін, і Парыж вельмі наіўныя ў адносінах з Масквой.

Нягледзячы на крытыку з боку Украіны, Польшчы і краінаў Прыбалтыкі, Германія будуе газаправод, па якім будуць паступаць газ непасрэдна з Расіі ў Германію. Швейцарская кампанія Allseas, якая пракладaла трубаправод, пасля абвяшчэння санкцый ЗША, прыпыніла працу. Па дне Балтыйскага мора трэба яшчэ пракласці каля 160 кіламетраў труб.

аз