Беларуская Служба

Кіраўнікі Еўрапейскіх рады і камісіі падпісалі дамову аб брэксіце

24.01.2020 11:09
Чарговым крокам будзе зацвярджэнне паразумення Еўрапейскім парламентам на сесіі ў бліжэйшую сераду. 
Парламент ВялікабрытанііPAP/EPA/JESSICA TAYLOR / UK PARLIAMENT HANDOUT

Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішель і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен падпісалі дамову аб брэксіце, якая акрэслівае ўмовы выхаду Вялікабрытаніі з ЕЗ. Чарговым крокам будзе зацвярджэнне паразумення Еўрапейскім парламентам на сесіі ў бліжэйшую сераду. Пасля дакумент будзе прыняты ў пісьмовай працэдуры краінамі ЕЗ.

Дамова паміж Лонданам і Брусэлем гарантуе, між іншым, правы еўрапейцам, у тым ліку палякам, у Вялікабрытаніі пасля брэксіту. Таксама прапісаныя аплата Лонданам узносаў у бюджэт ЕЗ і гарантыі, што не будзе кантролю на ірландскай мяжы.

Прадугледжаны пераходны перыяд – да канца бягучага году. Гэта азначае, што Вялікабрытанія, хоць і па-за ЕЗ, будзе звязана з ім усімі дамовамі, будзе належыць да адзінага рынку і мытнай сістэмы, але не будзе мець уплыву на рашэнні, якія прымаюцца ў супольнасці.

У наступным месяцы распачнуцца перамовы ў справе будучай гандлёвай дамовы ЕЗ з Вялікабрытаніяй. Прэм’ер Барыс Джонсан хоча, каб перамовы закончыліся разам з канцом пераходнага перыяду, паколькі ён не намераны яго прадаўжаць. Брусель папярэджвае, што адзінаццаць месяцаў на стварэнне добрай гандлёвай дамовы – гэта няшмат часу, і што гэта будзе толькі асноўная дамоўленасць.

Вялікабрытанія выйдзе з ЕЗ ноччу з 31 студзеня на 1 лютага.

ав