Беларуская Служба

У часы заразы Францішак заклікаў спыніць узброеныя канфлікты

29.03.2020 14:02
Станам на 29 сакавіка ўзбуджальнік пнеўманіі COVID-19 выяўлены ў больш чым 663 тысяч, памерлі больш за 31 тысячу чалавек.
Papież Franciszek
Papież FranciszekPAP/EPA/VATICAN MEDIA HANDOUT

Папа Рымскі далучыўся да закліку Генеральнага сакратара ААН Антоніа Гутэрэша неадкладна спыніць узброеныя канфлікты ва ўсім свеце ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Францішак апоўдні 29 сакавіка прачытаў Малітву анёла Гасподняга, трансляваную з бібліятэкі Апостальскага палаца ў Ватыкане.

Папа рымскі прывёў словы з Евангелля ад Іаана, якія апісваюць Ўваскрашэнне Лазара. Пантыфік сказаў, што гэта сімвал адраджэння, якое здзяйсняецца праз Святое Хрышчэнне, яно дае вернікам новае жыццё.

Пасля малітвы Францішак заклікаў спыніць узброеныя сутыкненні і стварыць гуманітарныя калідоры для жыхароў тэрыторыяў, ахопленых вайною. «Спрэчкі не вырашаюцца шляхам вайны! Неабходна пераадолець антаганізмы і канфлікты шляхам дыялогу і канструктыўнага пошуку міру», – пераконваў Біскуп Рыму.

Францішак выказаў надзею, што сумесны ўдзел у барацьбе з пандэміяй кранавіруса прывядзе да ўмацавання братэрскіх сувязяў у агульначалавечай сям'і, а нацыянальныя ўрады адновяць намаганні па пераадольванні варожасці паміж дзяржавамі.

Тым часам каранавірус імкліва шырыцца светам. Станам на 29 сакавіка ўзбуджальнік пнеўманіі COVID-19 выяўлены ў больш чым 663 тысяч, памерлі больш за 31 тысячу чалавек. Дзве траціны лятальных зыходаў прыпадаюць на Еўропу.

IAR/DW/эж