Беларуская Служба

У каталікоў сёння Вербная нядзеля

05.04.2020 11:19
Традыцыйна ў гэты дзень каталікі асвячаюць вербы ў памяць пра ўезд Хрыста ў Ерусалім.
ФіліпіныPAP/EPA/ROLEX DELA PENA

Традыцыя асвячэння вербаў вядомая ва ўсіх еўрапейскіх краінах, дзе святкуецца Вялікдзень. Аднак, сёлетняя вербніца мае асаблівы характар, паколькі вернікі ў касцёлах Еўропы не збіраюцца па прычыне эпідэміі каранавірусу. Іерархі заахвочвалі ўдзельнічаць у Святых імшах пры дапамозе СМІ і па меры магчымасці падрыхтаваць святочную вярбу.

Вярба ў Каталіцкім касцёле з’яўляецца сімвалам змёртвыхпаўстання і несмяротнасці душы. З велікоднымі вербамі было звязана шмат народных традыцый і павер’яў. Напрыклад, верылася, што праглынанне коцікаў дапамагае ад болю горла й галавы, а крыж, зроблены з асвечаных галінак вярбы і ўткнуты ў зямлю, абараняе ад граду і буры. Часта асвечанай вярбой сімвалічна білася членаў сям’і, што павінна было ахоўваць ад хваробаў і голаду.
Праз тыдзень каталіцкі свет будзе адзначаць Пасху.