Беларуская Служба

У тысяч расійскіх турыстаў узніклі цяжкасці з вяртаннем дадому

14.04.2021 08:31
 Расія рэзка абмежавала прамыя авіязносіны з Турцыяй.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay

Тысячы расійскіх турыстаў не змогуць вярнуцца дадому, паведаміла радыё "Эхо Москва". Па інфармацыі радыёстанцыі, праблемы ўзніклі ў выніку абмежавання прамых авіязносін з Турцыяй. З заўтрашняга дня па 1 чэрвеня будуць выконвацца толькі два тыднёвыя рэйсы, якія злучаюць Маскву са Стамбулам.

Афіцыйна расійскія ўлады тлумачаць рашэнне складанай эпідэмічнай сітуацыяй. Па дадзеных санітарных службаў, у Турцыі за апошнія тыдні рэзка павялічылася колькасць людзей, заражаных каранавірусам. Па словах кіраўніка Расспажыўнагляду, 80 адсоткаў выпадкаў заражэння ў расіян, якія вяртаюцца з-за мяжы, былі выяўлены ў тых, хто знаходзіўся ў Турцыі.

Тым часам неафіцыйныя расійскія каментатары звязваюць абмежаванне авіяпалётаў з заявамі Анкары пра гатоўнасць ваеннага супрацоўніцтва з Кіевам. Дакладна невядома, колькі расіян будуць мець праблемы з вяртаннем дадому. Асацыяцыя турыстычных аператараў прагназуе, што гэта могуць быць нават дзясяткі тысяч чалавек. Намеснік кіраўніка гэтай арганізацыі Дзмітрый Горын звяртае ўвагу, што з-за прыпынення прамых рэйсаў паміж Расіяй і іншымі краінамі, галоўным чынам Еўрапейскім саюзам, шмат людзей падарожнічала па свеце, выкарыстоўваючы турэцкія аэрапорты.

ІАР/нг