Беларуская Служба

У Аўстрыі прынёс прысягу новы канцлер – трэці за тры месяцы

06.12.2021 15:34
У Аўстрыі прынёс прысягу новы федэральны канцлер, Карл Негамер, які раней быў міністрам унутраных спраў.
Karl Nehammer
Karl Nehammer Фота: Wikipedia

Гэта трэці кіраўнік ураду Аўстрыі за апошнія тры месяцы.

49-гадовы Карл Негамер (Karl Nehammer), як і яго папярэднікі Сэбасцьян Курц і Аляксандар Шаленберг, прадстаўляе правакансерватыўную Народную партыю.

Курц быў вымушаны пакінуць пасаду кіраўніка кааліцыйнага ўраду ў кастрычніку ў сувязі з карупцыйным скандалам – пракуратура расследуе справу аб выкарыстанні дзяржаўных сродкаў для публікацыі ў найбуйнейшай газеце краіны выгадных для Народнай партыі апытанняў. Яго пераемнік Шаленберг нечакана падаў у адстаўку на мінулым тыдні, адразу пасля таго, як Курц заявіў аб поўным сыходзе з палітыкі.

Карл Негамер стане пераемнікам Курца на пасадзе старшыні Народнай партыі. У партыі спадзяюцца, што змена лідара дапаможа захаваць кіроўную кааліцыю з партыяй Зялёных.

Змена канцлера адбылася на фоне напружанай сітуацыі з пандэміяй каронавіруснай інфекцыі ў краіне. Аўстрыя стала адной з нямногіх краін Еўропы, дзе ўведзены поўны локдаўн – як для вакцынаваных, так і для невакцынаваных. Супраць лакдаўну рэгулярна праходзяць масавыя акцыі пратэсту.

"Радыё Свабода" / вх


У Вене супраць абмежаванняў пратэставалі 40 тысяч чалавек

05.12.2021 16:00
У многіх еўрапейскіх краінах прайшлі пратэсты супраць пандэмічных абмежаванняў