Беларуская Служба

Пад Бучай знайшлі яшчэ адно масавае пахаванне людзей, закатаваных акупантамі (відэа)

30.04.2022 16:18
Расіяне спрабавалі схаваць сляды здзекаў, таму скінулі целы ў яму і засыпалі зямлёй.
  .
Эксгумацыя ў Бучы.Shutterstock/David Peinado Romero

У Бучанскім раёне знайшлі яму з целамі траіх мужчын, якіх расійскія салдаты катавалі, а потым жорстка забілі. Пра гэта паведамляе паліцыя Кіеўскай вобласці.

«Ахвяр катавалі працяглы перыяд часу, на канечнасцях знойдзены кулявыя раненні. Напрыканцы кожнаму з мужчын стралялі ў вуха. Гэта чарговае масавае пахаванне, якое зрабілі акупанты на тэрыторыі Бучанскага раёна, таго шматпакутнага раёна, дзе забілі і закатавалі ўжо больш за тысячу грамадзян», – адзначыў начальнік паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэй Нябытаў.

Адзначаецца, што месца пахавання знойдзена ў лесе паблізу вёскі Міроцкае.

Па дадзеных паліцыі, ахвярам звязвалі рукі, намотвалі на твар тканіну, каб закрыць вочы, у некаторых мужчын у роце былі кляпы. На целах ёсць сляды катаванняў, агнястрэльныя раны.

Паводле папярэдніх звестак, акупанты спрабавалі схаваць сляды здзекаў з людзей, а таму скінулі целы ў яму і засыпалі зямлёй.

Паліцыя Кіеўскай вобласці ўжо правяла агляд цел загінуўшых, яны накіраваны на судова-медыцынскую экспертызу.

Усяго на тэрыторыі Кіеўскай вобласці следчымі агледжаны целы 1 тысячы 202 грамадзянскіх асобаў, якія былі забітыя расейскімі акупантамі.

20 красавіка Андрэй Нябытаў паведаміў, што ў вызваленых ад акупантаў населеных пунктах Кіеўскай вобласці целы загінулых грамадзянскіх выяўляюць у брацкіх магілах, скляпах і студнях. Працуе каля 300 следча-аператыўных груп.

Нагадаем, акупаваўшы Бучу вораг зладзіў там крывавую разню. Мірных жыхароў масава расстрэльвалі. Гвалтавалі мужчын, жанчын, старых і нават дзяцей. Многіх бралі ў палон. Людзі паміралі падчас катаванняў. Тых, хто выжыў, адпраўлялі ў фільтрацыйныя лагеры на тэрыторыі РФ. У бацькоў забіралі дзяцей і адпраўлялі ў Расію «на ўсынаўленне».

У Бучы многія дамы разбураны ў выніку абстрэлаў. Крамы і жылыя дамы разрабаваны марадзёрамі. Пасля вызвалення Бучы ад акупантаў там былі знойдзены брацкія магілы з целамі мясцовых жыхароў.

УНІАН / вх