Расійцы перавозяць украінскае збожжа з Запарожскай вобласці ў Крым па чыгунцы. Яны таксама рыхтуюцца скрасці новы ўраджай і перавозіць яго, між іншым морам, – кажа мэр акупаванага Расіяй Мелітопаля Іван Фёдараў.
- Гэта пачалося больш за месяц таму, калі пачалі забіраць збожжа з нашых элеватараў, – сказаў Фёдараў у эфіры ўкраінскага тэлебачання.
– Аднак першапачаткова маштабы крадзяжу былі іншыя: штодня ў Крым перавозілі каля 20-30 грузавікоў са збожжам. Цяпер гаворка ідзе пра іншы парадак: сталі вазіць збожжа па чыгунцы, - паведаміў мэр Мелітопаля.
Па словах Фёдарава, расійцы рыхтуюцца перавозіць збожжа ў порт у Бярдзянск і вывозіць адтуль марскім шляхам.
– Таксама рыхтуюцца раскрасці сёлетні ўраджай, – сказаў Фёдараў.
Расійцы на занятых імі тэрыторыях прапанавалі фермерам, што яны змогуць захаваць 30 працэнтаў збожжа, а астатнія 70 працэнтаў - канфіскуюць.
Акрамя таго, украінскім фермерам забаронена перавозіць збожжа на падкантрольную Украіне тэрыторыю.
tsn.ua/яс