Беларуская Служба

Літва заклікала NATO павялічыць прысутнасць у Прыбалтыцы праз «пагрозу з тэрыторыі Беларусі»

25.06.2022 12:14
Афіцыйныя асобы краінаў Балтыі просяць больш войскаў, зброі і сродкаў супрацьпаветранай абароны.
   .
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.Фото: PAP/EPA Johanna Geron

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю Politico заявіў, што NATO неабходная больш «прыкметная» прысутнасць у Прыбалтыцы, каб супрацьстаяць пагрозе, якая зыходзіць ад Расеі з тэрыторыі Беларусі.

Паводле яго, «вельмі вялікія фундаментальныя змены» ў суседняй Беларусі робяць Літву больш уразлівай для хуткага расейскага нападу – і патрабуюць змены механізмаў бяспекі ў рэгіёне. Літоўскі лідар заявіў, што ахарактарызаваў бы сённяшнюю Беларусь як «дадатковую правінцыю» Масквы, дадаўшы, што «расійскае войска можа рабіць тое, што хоча, перамяшчаць сілы, разгортваць тэхніку».

Як адзначыў Наўседа, у мінулым стратэгія NATO абапіралася на падмацаванні: адносна невялікія сілы размяшчаліся на ўсходняй мяжы альянсу, і чакалася, што саюзнікі прыйдуць на дапамогу рэгіёну ў выпадку нападу. Цяпер жа новая рэальнасць, паводле Наўседы, «не пакідае нам часу для рэакцыі», таму што расейскія войскі «могуць быць лёгка разгорнутыя вельмі блізка да нашай мяжы», і «часу на падмацаванне не будзе».

Цяпер афіцыйныя асобы краінаў Балтыі просяць больш войскаў, зброі і сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Нямеччына, якая ўжо ўзначальвае баявую групу NATO ў Літве, нядаўна аб’явіла, што павялічыць свой унёсак у абарону краіны. План уключае ў сябе войскі, якія будуць прызначаныя для абароны бяспекі Літвы, але фармальна будуць размяшчацца ў Нямеччыне. Чакаецца, што гэтую мадэль паўтораць у некаторых іншых краінах.

Афіцыйныя асобы і дыпламаты NATO вядуць перамовы аб кампрамісе, паводле якога некаторыя саюзнікі павялічаць сваю прысутнасць на ўсходнім флангу – у тым ліку шляхам размяшчэння там большай колькасці ўзбраенняў і выдзялення войскаў для абароны рэгіёну – але без абавязацельстваў па стварэнні доўгатэрміновых, буйнамаштабных і пастаянных базаў.

Як падкрэсліў прэзідэнт Літвы, «самае важнае» для Балтыі – гэта «атрымаць вельмі дакладныя запэўненні» ад саюзнікаў аб «больш прыкметнай перадавой прысутнасці ў Балтыі».

У той жа час ён прызнаў наяўнасць пэўных лагістычных перашкодаў і неабходнасць «адэкватнай інфраструктуры, жылля і навучальных памяшканняў», якія краіны Балтыі павінныя стварыць для павелічэння колькасці войскаў NATO і больш пастаяннай прысутнасці ў рэгіёне.

Радыё Свабода / вх