Беларуская Служба

Расія адмовіла супрацоўнікам Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў доступе да разбомбленай калоніі ў Аленаўцы

31.07.2022 14:52
Раней пры ўдары па калоніі загінулі як найменей 53 украінскія палонныя. У Кіеве вінавацяць Расію ў іх наўмысным забойстве.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: twitter.com/ICRC_ua


Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа паведаміў, што не атрымаў доступу да калоніі ў Аленаўцы ад расіскіх уладаў, якія кантралююць рэгіён, напісала арганізацыя ў твітэры. Раней яна заяўляла, што гатовая падтрымаць вяртанне і перадачу астанкаў людзей і плануе даносіць навіны да сем’яў, якія страцілі сувязь з блізкімі ў выніку расейска-ўкраінскага канфлікту.

«Адзначым, што наша ўчорашняя просьба аб доступе да вайсковапалонных з калоніі Аленаўка не была задаволеная. Прадастаўленне МКЧК доступу да палонных з'яўляецца абавязкам бакоў канфлікту ў адпаведнасці з Жэнеўскімі канвенцыямі», – напісала арганізацыя.

Такім чынам, Расія парушыла Жэнеўскую канвенцыю. МКЧК абяцае прасіць аб доступе да калоніі і далей. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа таксама хочуць праінспектаваць, ці атрымліваюць параненыя палонныя належную дапамогу.

У калоніі ў Аленаўцы 29 ліпеня загінулі прынамсі 53 украінскія вайскоўцы, якія ўтрымліваліся ў палоне.

Расія і прарасійскія сепаратысты ў Данецку заяўляюць, што ўдар па калоніі быў нанесены ўкраінскім войскам. Масква называе тое, што здарылася, ваенным злачынствам, учыненым Украінай. Кіеў гэта адмаўляе і заяўляе, што атаку ўчыніла Расія.

Радыё Свабода