Беларуская Служба

З партоў Адэсы выйшаў другі караван з украінскімі прадуктамі харчавання

07.08.2022 11:42
З партоў Адэсы адпраўлены другі караван з прадуктамі харчавання. Пра гэта паведамляе прэс-служба міністра інфраструктуры Украіны.
   .
Кантэйнерны тэрмінал Адэскага порта.foto:wikipedia/Akron/CC BY 3.0

Адзначаецца, што сёння раніцай з Адэскага і порта «Чарнаморск» выйшаў другі караван з украінскімі прадуктамі харчавання – тры караблі з Чарнаморска і адзін – з Адэсы. На борце чатырох суднаў Mustafa Necati, Star Helena, Glory і Riva Wind амаль 170 тыс. тон сельскагаспадарчай прадукцыі. Судны накіроўваюцца ў парты Італіі, Кітая і Турцыі.

«Пасля адпрацоўкі партамі арганізацыі першага каравана паступова выходзім на вялікія маштабныя аб'ёмы працы. Плануем ужо ў бліжэйшы час забяспечыць здольнасць партоў апрацоўваць не менш як 100 суднаў у месяц. Таксама ў хуткім часе плануем паўнацэнна далучыць да рэалізацыі Ініцыятывы порт «Паўднёвы» – адзначыў міністр інфраструктуры Аляксандр Кубракоў.

Плануецца, што Украіна зможа адпраўляць пакупнікам да 3 млн тон грузу штомесяц.

22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненне аб разблакаванні ўкраінскіх партоў «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы» для вывазу на экспарт збожжа і іншай аграрнай прадукцыі. Міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падпісалі асобныя аднолькавыя пагадненні з ААН і Турцыяй.

У рамках рэалізацыі дамоўленасцяў з грузам украінскай кукурузы раней было адпраўлена 4 караблі – яны перавозяць больш за 80 тыс. тон прадукцыі. Прыбыццё першага судна RAZONI да канцавога пункта прызначэння – порт Трыпалі ў Ліване – чакаецца 7 жніўня. Учора, 6 жніўня, у Адэскую вобласць упершыню з 24 лютага прыбыло судна пад загрузку.

УНІАН / вх