Беларуская Служба

Джо Байдэн ладзіць відэаканферэнцыю з саюзнікамі па пытанні расійска-украінскай вайны

08.09.2022 11:14
У відэаканферэнцыі прымуць удзел заходнія лідары, якія падтрымліваюць урад у Кіеве.
.
Ілюстрацыя. Белы домфота: Orhan Cam/Shutterstock.com

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн арганізуе сёння відэаканферэнцыю з саюзнікамі па пытанні расійскай вайны супраць Украіны. У відэаканферэнцыі прымуць удзел заходнія лідары, якія падтрымліваюць урад у Кіеве.

Белы дом пакуль афіцыйна не абвясціў аб відэаканферэнцыі прэзідэнта Джо Байдэна з саюзнікамі. Як паведамляе агенцтва Bloomberg, у сустрэчы прымуць удзел лідары групы G7, Еўрасаюзу і НАТА. Паводле плану дня прэм’ер-міністра Канады Джасціна Трудо, з якім азнаёміўся карэспандэнт Польскага радыё, размова Джо Байдэна з саюзнікамі пачнецца а 10.30 паводле вашынгтонскага часу, гэта значыць, у 16.30 паводле польскага часу. Яна пройдзе без удзелу СМІ.

На першым этапе вайны ва Украіне прэзідэнт Джо Байдэн рэгулярна праводзіў відэаканферэнцыі з саюзнікамі G7 і НАТА. У многіх з іх удзельнічаў прэзідэнт Анджэй Дуда. Дакладны спіс удзельнікаў сённяшняй канферэнцыі не паведамляецца.

IAR PR/нг