Беларуская Служба

Разам з украінцамі Расія вызваліла з палону таксама дзесяць іншаземцаў

23.09.2022 07:55
Гэта быў найбуйнейшы абмен палоннымі падчас расійскай вайны, які праходзіў адначасова на тэрыторыі чатырох краін.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыла БуданаўPAP/EPA/ROMAN PILIPEY

Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны генерал Кірыла Буданаў заявіў, што сярод 215 вызваленых з расійскага палону ўкраінскіх жаўнераў ёсць таксама абаронцы завода «Азоўсталь» і іх камандзіры:

- Усяго вярнуліся 215 чалавек, у тым ліку двое мірных жыхароў і 8 чалавек, пацярпелых у выніку тэракта ў Аленаўцы, пра які мы паведамлялі. Таксама былі адпушчаныя 10 замежнікаў – вайскоўцаў Інтэрнацыянальнага легіёну.

У сваю чаргу Украіна адпусціла 55 расіянаў і калабарантаў, а таксама арыштаванага праз падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе Віктара Медзведчука, лідара забароненай ва Украіне партыі «Апазіцыйная платформа «За жыццё«» і кума расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Гэта быў найбуйнейшы абмен палоннымі падчас расійскай вайны. Ён праходзіў адначасова на тэрыторыі чатырох краін – ва Украіне (на ўкраінска-расійскай мяжы), а таксама на тэрыторыі Польшчы, Турцыі і Саудаўскай Аравіі. Пяцёра вызваленых з палону камандуючых абаронай завода «Азоўсталь» да канца вайны застануцца пад аховай прэзідэнта Турцыі.

IAR/аз

Украіна вярнула 215 ваеннапалонных, у тым ліку Герояў «Азоўсталі»

22.09.2022 14:55
З расійскага палону вызваленыя вайскоўцы, у тым ліку замежнікі, памежнікі, паліцыянты, маракі, гвардзейцы, тэрабаранаўцы, мытнікі, цывільныя асобы.