Беларуская Служба

Украіна вярнула 215 ваеннапалонных, у тым ліку Герояў «Азоўсталі»

22.09.2022 14:55
З расійскага палону вызваленыя вайскоўцы, у тым ліку замежнікі, памежнікі, паліцыянты, маракі, гвардзейцы, тэрабаранаўцы, мытнікі, цывільныя асобы.
Аўдыё
  • Украінцы вызвалілі салдат з расійскага палону
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/V_Zelenskiy_official

Гэта адзін з самых вялікіх абменаў палоннымі цяперашняй вайны.

Уначы з 21 на 222 верасня адбыўся абмен палоннымі паміж Украінай ды Расіяй. Першым інфармацыю пра абмен распаўсюдзіў украінскі бок. Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак распавёў, што 200 украінскіх вайскоўцаў былі вызваленыя ў абмен на Віктара Медзьведчука (вядомага як кум Пуціна), яшчэ 5 камандзіраў абаронцы «Азоўсталі» абмянялі на 55 расійскіх палонных. Віктара Медзьведчука затрымалі ва Украіне 12 красавіка бягучага году. Прарасійскага палітыка абвінавачвалі ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічанні тэрарыстычнай пагрозе.

Сярод тых, каго мы сёння вызвалілі, 108 байцоў «Азова», а таксама іншых часцей. Ваяры Нацгвардыі, сухапутных войск, вайскова-марскіх сіл, памежнікі, паліцыянты, тэрабаронаўцы, супрацоўнікі СБУ, чыгуначнікі ды супрацоўнікі Дзяржаўнай мытнай службы. Сярод вызваленых шмат вядомых людзей, герояў, як Дзяніс Пракапенка, камандзір «Азову» Сяргей Валынскі, Дзяніс Шлэга з Нацгвардыі, Кацярына Паляшчу, Мар’яна Мамонава ды шмат іншых.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна вяртае сваіх людзей ды распавёў, што пяць камандзіраў палка «Азоў» будуць знаходзіцца ў Турцыі да канца вайны пад пратэкцыяй Эрдагана.

-  Мы вяртаем дадому нашых людзей, сёння завяршыўся абмен. У нас 215 добрых навін. Гэта перамога для нашай дзяржавы, нашага грамадства ды для 215 сем’яў. Мы памятаем пра ўсіх нашых людзей ды намагаемся выратаваць кожнага украінца. У гэтым наша сутнасць, што нас адрознівае ад ворага. Апроч 215 ваяроў мы вярнулі 5 баявых камандзіраў. За іх давялося пазмагацца. Да канца  вайны яны будуць знаходзіцца ў Турцыі пад асабістай пратэкцыяй прэзідэнта Эрдагана, у бяспецы і камфортных умовах.

Вызваленыя украінскія вайскоўцы дзякавалі за падтрымку ды казалі, што пачуваюцца задавальняючы, распавёў па відэасувязі з Турцыі камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка.

- Слава Украіне, спадар прэзідэнт. У нас усё добра, стан здароўя – задавальняючы. Дзякую Вам і ўсёй камандзе за тое, што Вы зрабілі.

Таксама ўчора Расія вызваліла захопленых пад Харкаваў замежнікаў, байцоў Замежнага легіёна Украіны. Дамовіцца аб іх вызваленні ўдалося пры пасрэдніцтве наследнага прынца Саудаўскай Аравіі Махамеда ібн Салмана, паведаміла агенцтва Reuters.

Сярод вызваленых брытанскі падданы Эйдэн Аслін, якога тэрарысты з «ДНР» пагражалі расстраляць, два амерыканцы: Аляксандр Друке і Эндзі Тай Хюінь, якія трапілі ў палон падчас баёў на поўнач ад Харкава ў чэрвені. Таксама на свабодзе швед, мараканец і харват.

У самой Расіі абмен выклікаў пачуццё разгубленасці. Афіцыйны Крэмль бок доўгі час маўчаў пра вызваленне. Адзіны каментар прэсавага сакратара расійскага прэзідэнта быў такі, што ён не мае паўнамоцтваў каментаваць дадзеную справу. Затое прапагандысты ды «патрыёты» не хаваюць нездавальнення. Маўляў, як гэта Крэмль абвяшчае мабілізацыю, а потым вызваляе ў гэты ж час ваеннапалонных украінцаў. Былы ФСБ-эшнік Гіркін назваў гэта горшы чым памылкай і горш чым злачынствам. Прапагандыст Салаўёў заявіў, што не рады дадзенай сітуацыі.

- Ці мяне радуе абмен? Можна я на гэтую тэму не буду гаварыць. Маё стаўленне да таго, што адбылося, відавочнае. Гэта ўсё фрагментарна на фоне цэлага. За укрнацыстаў вярнуліся нашыя героі.

Пакуль украінцы вітаюць сваіх вызваленых герояў, у Расіі тысячы мужчын штурмуюць межы, каб выехаць з краіны ад абвешчанай мабілізацыі. Расіяне не хочуць паміраць за Пуціна.

Юры Ліхтаровіч