Беларуская Служба

Кіраўнік МЗС Эстоніі выказаўся аб тым, дзе хацеў бы ўбачыць дыктатара Пуціна: «У пекле»

20.10.2022 11:00
Рэйнсалу лічыць, што месца «фюрэра» нават не ў турме.
Ілюстрацыйны здымакфота: zapretno.info

Эстонскі міністр замежных спраў Урмас Рэйнсалу заявіў, што хацеў бы бачыць прэзідэнта-дыктатара Расіі Уладзіміра Пуціна за ўсе ўчыненыя злачынствы не ў турме, а ў пекле - паведамляе ўкраінскае выданне ТСН.

Так ён адказаў на пытанне Deutsche Welle наконт будучыні крамлёўскага «фюрэра».

«Ці хацелі б вы ўбачыць Пуціна ў турме?», – спытала журналістка нямецкага выдання.

«У пекле», – адказаў Рэйнсалу пасля некалькі секунднай паўзы.

У размове з «DW» кіраўнік эстонскага МЗС выказаў меркаванне аб тым, што Германіі і краінам Захаду трэба нарасціць намаганні па пастаўцы ва Украіну ваенных сродкаў і ўвесці больш жорсткія санкцыі супраць агрэсара – РФ.

«Вайна Расіі – гэта генацыд ва Украіне, Пуцін не робіць з гэтага сакрэту. Еўропа не зможа адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль ва ўладзе пуцінскі рэжым», – сказаў Рэйнсалу.

Парламент Эстоніі 18 кастрычніка прызнаў рэжым у Расійскай Федэрацыі тэрарыстычным. Пасол Украіны Мар'яна Беца назвала рашэнне «гістарычным днём».

Эстонія сумесна з Літвой і Латвіяй заклікала ЕС і міжнародныя супольнасці дапамагчы Украіне стварыць спецыяльны трыбунал для Расіі. Краіны Балтыі адзначаюць: пакаранымі павінны быць тыя, хто падбухторваў да вайны, пасярэднікі і натхняльнікі агрэсіі.

Акрамя таго, Талін дапамагае Украіне і ў ваеннай сферы. У кастрычніку краіна адобрыла новы пакет дапамогі. Так, ЗСУ атрымаюць зімовую форму, аснашчэнне і амуніцыю.

нг