Беларуская Служба

Украіна заклікае Крэмль прадставіць спіс дзяцей, дэпартаваных у Расію

19.03.2023 09:01
Паводле афіцыйных дадзеных Украіны, расіяне дэпартавалі з Украіны 16 226 дзяцей.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Viacheslav Ratynskyi

Віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук звярнулася са зваротам да ўпаўнаважанага РФ па правах чалавека Таццяны Маскальковай і ўпаўнаважанага РФ па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай неадкладна перадаць украінскаму боку спіс усіх дзяцей-сірот і дзяцей, пазбаўленых апекі бацькоў, якія 24 лютага 2022 года былі грамадзянамі Украіны і былі дэпартаваныя з акупаванай тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Расіі. Свой публічны зварот яна размясціла ў Telegram.

У мінулую пятніцу Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзіцяці Расіі Марыі Львовай-Бяловай. Іх абодвух вінавацяць у ваенных злачынствах, звязаных з незаконнай дэпартацыяй дзяцей з акупаванай тэрыторыі Украіны ў Расію.

Міжнародны крымінальны суд апублікаваў на сваім сайце абгрунтаванне рашэння, у якім, у прыватнасці, гаворыцца, што міжнароднае права забараняе акупацыйным уладам перавозіць цывільных асоб з месца іх пражывання ў іншыя рэгіёны. Дзеці карыстаюцца асаблівай абаронай у адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй.

Суддзі задаволілі хадайніцтва пракуратуры аб арышце. Яны прыйшлі да высновы, што абвінавачанні заслугоўваюць даверу і што ёсць разумныя падставы меркаваць, што Пуцін нясе крымінальную адказнасць за гэтыя злачынствы. «За здзяйсненне дзеянняў непасрэдна, сумесна або праз іншых і за неажыццяўленне належнага кантролю за грамадзянскімі і вайсковымі падначаленымі, якія ўчынілі або здзейснілі гэтыя дзеянні», — гаворыцца ў абгрунтаванні.

Паводле афіцыйных дадзеных Украіны, расіяне дэпартавалі з Украіны 16 226 дзяцей. Пакуль ва Украіну вярнуліся 308 дзяцей. Неафіцыйныя лічбы могуць быць значна большымі і сягаць сотняў тысяч украінскіх непаўналетніх, выкрадзеных і дэпартаваных у Расію.

ПР/юл