Беларуская Служба

Расія ноччу затакавала Украіну ракетамі і беспілотнікамі 

19.06.2023 09:22
 Украінцы ўсё яшчэ высвятляюць наступствы начнога нападу.
Ілюстрацыйны здымакEPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA.

Учора ўвечары Расія зноў атакавала Украіну ракетамі і беспілотнікамі. Пра гэта паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны, падсумоўваючы сітуацыю на фронце на 481-ы дзень поўнамаштабнага расійскага ўварвання. У паведамленні, размешчаным у сацыяльных сетках, гаворыцца, што ўкраінцы ўсё яшчэ высвятляюць наступствы начнога нападу.

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі ва Украіне 59 авіяўдараў, і выпусцілі больш за сотню ракет з рэактыўных сістэм залпавага агню. Расіяне абстралялі як пазіцыі ўкраінскай арміі, так і жылыя кварталы. У выніку ўчорашніх нападаў загінулі мірныя жыхары. Таксама шмат параненых. Сярод пацярпелых ёсць дзеці. Разбурана або пашкоджана больш за 20 жылых дамоў. Адзін са снарадаў трапіў у школу.

Асноўныя сілы расіян па-ранейшаму сканцэнтраваныя ў раёне Данецка, у раёне Лімана, Бахмута, Аўдзееўкі і Мар'інкі. За ўчорашні дзень у рэгіёне адбыліся 24 сутычкі паміж варагуючымі бакамі.

Украінцы ідуць у контрнаступленне. Украінская авіяцыя нанесла ўчора дзесяць авіяўдараў па раёнах канцэнтрацыі расійскай арміі. Падбіты комплекс зенітных ракет. Украінскія вайскоўцы таксама знішчылі расійскі верталёт Ка-52 і дзесяць беспілотнікаў.

ПР/юл