Беларуская Служба

ААН: Расія не дае гуманітарнай місіі доступ на акупаваны левы бераг Дняпра

19.06.2023 14:14
ААН заклікае расійскія ўлады дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі абавязальніцтвамі і міжнародным гуманітарным правам.
Разбурэнні ў Херсоне ў выніку затаплення пасля разбурэння расіянамі Кахоўскай ГЭСPAP/Alena Solomonova

Расія адхіліла запыт спецыяльнай гуманітарнай місіі ААН аб прадстаўленні ёй доступу ў затопленыя раёны на левым беразе Дняпра, якія кантралююцца расійскім войскам, гаворыцца ў заяве каардынатара ААН па Украіне Дэніз Браўн.

«Нельга адмаўляць у дапамозе людзям, якія маюць у ёй патрэбу. ААН працягне рабіць усё, што можа для падтрымкі ўсіх людзей, – у тым ліку пацярпелых у выніку нядаўняга разбурэння дамбы, – якім тэрмінова патрэбна жыццёва неабходная дапамога, дзе б яны ні знаходзіліся», - гаворыцца ў заяве.

8 чэрвеня міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба і Дэніз Браўн дамовіліся аб тым, што ААН у экстраным парадку сфарміруе каманды для адпраўкі ў розныя раёны затопленых тэрыторый для аказання гуманітарнай дапамогі пацярпелым жыхарам абодвух берагоў Дняпра.

13 чэрвеня ў ААН заявілі, што групы сфарміраваны і гатовы выехаць у акупаваную частку Херсонскай вобласці, але Масква не дае гарантый бяспекі для наведвання акупаваных тэрыторый.

У нядзелю МУС Украіны заявіла, што ахвярамі паводкі на кантралюемай Украінай тэрыторыі сталі 17 чалавек. Кіраўнік прызначанага Масквой акупацыйнага «урада Херсонскай вобласці» Аляксеенка паведаміў, што загінула 35 чалавек.

юл