Беларуская Служба

Швецыя: Большасць насельніцтва хоча забароны на спальванне святых кніг

06.07.2023 12:12
У Швецыі права на выказванне свайго меркавання абароненае канстытуцыяй.
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/Jeppe Gustafsson

Большасць насельніцтва Швецыі, 53 адсоткі, выступае за забарону публічнага спальвання святых кніг, вынікае з апытання студыі Kantar Sifo, апублікаванага ў чацвер. У лютым за забарону знішчэння Карана ці Бібліі выказваліся 42 працэнты апытаных.

«Гэта змяненне, магчыма, адбылося пад уплывам сусветнай рэакцыі на спаленне Карана ў Стакгольме. Гэты акт выклікаў крытыку, наносячы шкоду інтарэсам Швецыі і яе членству ў НАТА», – сказаў сацыёлаг Тойва Сёрэн, кіраўнік аддзела грамадскай думкі Kantar Sifo.

Паводле апошняга апытання, 63% жанчын выказваюцца за законную забарону спальвання святых кніг і 42% мужчын. У цэлым 34 працэнты насельніцтва Швецыі лічаць, што трэба дазволіць знішчэнне Карана ці Бібліі.

Спаленне Карана на мінулым тыдні ў Стакгольме 37-гадовым імігрантам з Ірака выклікала крытыку з боку мусульманскіх краін, у тым ліку Турцыі, улады якой ужо год блакуюць уступленне Швецыі ў НАТА.

Паліцыя адмовіла мужчыну ў дэманстрацыі, спаслаўшыся на меркаванне спецслужбаў SAPO аб магчымым павелічэнні тэрарыстычнай пагрозы. Аднак дзве інстанцыі адміністрацыйнага суда адмянілі рашэнне паліцыі.

У Швецыі права на выказванне свайго меркавання абароненае канстытуцыяй.

Шведская паліцыя атрымала яшчэ тры запыты ад людзей, якія жадаюць спаліць Каран, Тору і Біблію ў Стакгольме і Хельсінгбаргу.

яс