Беларуская Служба

Расійскія агрэсары атакавалі ракетамі заходнюю частку Украіны

15.08.2023 08:17
Некаторыя ракеты трапілі ў жылыя дамы.
 .     .
Ілюстрацыйны здымак. Наступствы расійскага абстрэлу ў Адэсе.Фота: PAP/Alena Solomonova

Генштаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што за апошнія суткі расіяне нанеслі 14 ракетных удараў, 72 авіяўдары і правялі 63 абстрэлы з РСЗА па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. Выкарыстоўваліся ракеты «Калібр» ды іранскія беспілотнікі.

Агрэсары абстралялі ракетамі заходнюю частку Украіны. Многія ракеты былі збітыя сродкамі супрацьпаветранай абароны. Некаторыя ракеты, аднак, трапілі ў жылыя дамы. Ёсць пацярпелыя.

Са справаздачы таксама вынікае, што расіяне працягваюць таемную мабілізацыю ўкраінцаў на часова акупаваных тэрыторыях. Паводле ўкраінскіх службаў, у Старабельску Луганскай вобласці мужчын, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах, прымушаюць праходзіць медычныя агляды і паступаць на расійскую вайсковую службу.

Акрамя таго, на акупаваных тэрыторыях Украіны расіяне вядуць прапагандысцкую дзейнасць, у тым ліку ў школах. Бацькоў навучэнцаў запалохваюць, каб прымусіць дзяцей вучыцца па расійскай праграме.

Ва ўкраінскім штабе таксама паведамілі, што за апошнія суткі ўкраінская авіяцыя нанесла 7 авіяўдараў па расійскіх базах, дзе знаходзяцца вайскоўцы і захоўваецца ваенная тэхніка і боепрыпасы, і 3 авіяўдары па зенітна-ракетных комплексах праціўніка, а таксама на цэнтры кіравання. У сваю чаргу падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па 2 раёнах канцэнтрацыі асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі і 3 артылерыйскіх кропках на агнявых пазіцыях.

IAR/нг