Беларуская Служба

Украінскія беспілотнікі ўдарылі па Маскве, расійскія БПЛА - па Адэскай вобласці

23.08.2023 10:19
Атакі на Маскву маюць псіхалагічнае значэнне.
     .
Наступствы ўдараў украінскіх беспілотнікаў па Маскве.Фота: PAP/EPA/YURI KOCHETKOV

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву. Гэта чарговая атака ўкраінскіх беспілотнікаў на расійскую сталіцу. Украінскія ўдары – гэта адказ на пастаянныя атакі расійскіх беспілотнікаў па грамадзянскіх аб'ектах.

Пра атаку ўкраінскіх беспілотнікаў на Маскву паведамілі ўлады расійскай сталіцы. Адзін з БПЛА ўдарыў у будынак, размешчаны ў офісным цэнтры Масква-Сіці.

На думку ўкраінскага вайсковага эксперта Аляксандра Мусіенкі, украінскія атакі на Маскву маюць псіхалагічнае значэнне. Паводле яго заявы ў эфіры ўкраінскага тэлебачання 1+1, напады зʼяўляюцца часткай псіхалагічнай вайны. Яны выклікаюць паніку ў расіян, аднак, як дадаў эксперт, не ў той ступені, як хацеў бы ўкраінскі бок.

Пры гэтым самі ўкраінцы змагаюцца з пастаяннымі атакамі расійскіх беспілотнікаў. Расіяне выкарыстоўваюць іранскія дроны Шахід. За ноч украінская абарона збіла 11 з 20 такіх БПЛА. Украінскія ўлады паведамляюць пра пашкоджанні, атрыманыя ад удараў беспілотнікаў у Адэскай вобласці. Пацярпела інфраструктура для захоўвання і перагрузкі збожжа.

IAR/нг