Беларуская Служба

Экспарт расійскай нафты па Чорным моры практычна спыніўся

23.08.2023 17:28
Прычына – атака марскіх дронаў.
.  .
Танкер. Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Moises Fernandez Acosta

Экспарт расійскай нафты па Чорным моры, на які прыпадае каля чвэрці ўсёй сыравіны, якая прадаецца за мяжу, апынуўся практычна паралізаваны неўзабаве пасля таго, як украінскія марскія дроны атакавалі Наварасійск. За тыдзень, з 14 па 20 жніўня, з найбуйнейшага чарнаморскага порта РФ выйшаў толькі адзін танкер, а аб'ёмы экспарту абрынуліся да 100 тысяч барэляў у дзень, паведамляе Bloomberg са спасылкай на дадзеныя Kpler.

Тыднем раней порт адправіў тры танкеры, а ў першыя сем дзён жніўня – пяць судоў. (300 і 500 тысяч барэляў у дзень адпаведна). Пры гэтым у чэрвені з Наварасійска вывозілі да 600-800 тысяч барэляў у суткі.

Абʼём нафтавага экспарту па Чорным моры стаў самым нізкім з пачатку вайны, а яго падзенне пачалося пасля таго, як у ноч на 4 жніўня ВСУ атакавалі базу ВМФ у Наварасійску, а праз дзень ледзь не патапілі танкер «Сіг» у раёне Керчы.

На абʼёмы адгрузкі магло паўплываць надворʼе, піша Bloomberg: на мінулым тыдні ў Наварасійску двойчы абʼяўлялі штармавое папярэджанне. Аднак традыцыйнага афіцыйнага паведамлення аб спыненні адгрузкі з порта пры гэтым не было.

У нафтавікоў узніклі складанасці са страхавымі кампаніямі, якія пачалі патрабаваць дадатковай платы за «ваенныя рызыкі», распавялі Reuters чатыры трэйдары, якія працуюць у рэгіёне. Па іх ацэнцы, страхавая прэмія была павялічана з 1% ад кошту грузу да прыкладна 1,2-1,25%. Гэта азначае, што кожны рэйс танкера Suezmax у Індыю будзе каштаваць даражэй прыкладна на $200 000.

Агульны кошт страхоўкі падняўся да $1 млн за судна. Зрэшты, у разгар крызісу паставак і санкцый расійскія кампаніі плацілі куды больш – да $20 млн за танкер, што складала больш за траціну кошту кожнага грузу.
Па словах крыніц Reuters, павелічэнне адбылося ў асноўным для судоў, якія перавозяць расейскую нафту і нафтапрадукты, у той час як для грузаў казахстанскага паходжання прэмія пакуль стабільная – каля 1%. Пры гэтым на адгрузкі нафты гэта не паўплывала, запэўніваюць крыніцы, хаця і прызнаюць, што рызыкі растуць.

Абвал чарнаморскага нафтавага экспарту прывёў да таго, што сукупны продаж расійскіх барэляў за мяжу ўпалі да мінімуму са снежня.

Крыніца: Хартыя'97

нг