Беларуская Служба

У Літве праходзіць другі тур выбараў прэзідэнта краіны

26.05.2024 12:41
Гітанас Наўседа балатуецца на пераабранне, ягоная канкурэнтка – Інгрыда Шыманіце, якая зараз займае пасаду кіраўніка ўрада.
   .
Прэзідэнцкія выбары ў Літве.Фота: Alfredas Pliadis/Xinhua News/East News

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў выглядае гэтаксама, як пяць гадоў таму. У 2019 годзе ў другім туры змагаліся таксама Шыманіце і Наўседа. Два тыдні таму цяперашні прэзідэнт набраў 44% галасоў. Яго суперніца атрымала ў два разы меншую падтрымку.

Палітолаг Анджэй Пукшто (Andrzej Pukszto) з Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Каўнасе сказаў Польскаму радыё, што сіла Наўседы ў тым, што ён балатуецца як незалежны кандыдат. «Выбаршчыкі ў Літве заўсёды аддавалі перавагу міжпартыйнаму прэзідэнту. Гэта яго ключ да атрымання галасоў», – тлумачыць ён. У сваю чаргу, Інгрыда Шыманіце належыць да Саюзу Хрысьціянскіх Дэмакратаў Айчыны, які ў кааліцыі з іншымі групоўкамі цяпер знаходзіцца ва ўладзе ў Літве.

«Будучы прэм'ер-міністрам, Шыманіце таксама мусіла прымаць шмат непапулярных рашэнняў», – тлумачыць слабейшы вынік кіраўніка ўрада палітолаг. Анджэй Пукшто таксама зазначае, што ні яна, ні Наўседа не спрабавалі заваяваць галасы літоўскіх палякаў. «Ніякіх сустрэч з прадстаўнікамі польскай супольнасці не было ні ў Вільні, ні ў блізкіх для іх раёнах, такіх як Салечніцкі край», – тлумачыць ён. У Літве пражывае каля 200 тысяч палякаў, якія зʼяўляюцца грамадзянамі гэтай краіны.

IAR/нг