Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў распараджэнне аб спыненні фінансавання грамадскага радыё і тэлебачання (NPR і PBS), абвінаваціўшы СМІ ў распаўсюджванні «прапаганды, якая выклікае абурэнне».
Згодна з указам, Карпарацыя грамадскага вяшчання (CPB), якая выдзяляе сродкі на грамадскае радыё і тэлебачанне, павінна «спыніць прамое фінансаванне» гэтых устаноў, назваўшы іх прадузятымі і тэндэнцыйнымі.
«Савет CPB ліквідуе існуючае прамое фінансаванне ў максімальна дазволенай законам ступені і адмовіцца ад любога будучага фінансавання», — гаворыцца ў загадзе.
Белы дом заявіў, што NPR і PBS «атрымліваюць мільёны долараў ад падаткаплацельшчыкаў за распаўсюджванне радыкальнай прапаганды пад выглядам навін».
Раней NPR і PBS заяўлялі, што спробы Трампа пазбавіць іх фінансавання парушаць працу асноўных медыя-паслуг і будуць мець «разбуральны ўплыў» на амерыканцаў, якія разлічваюць на гэтыя крыніцы надзейных мясцовых і нацыянальных навін, у тым ліку падчас надзвычайных сітуацый.
Адміністрацыя Трампа абвінаваціла шматлікія акадэмічныя і медыйныя ўстановы — ад Гарварда і Калумбійскага ўніверсітэта да NPR і PBS — у левых, марксісцкіх, прадузятых поглядах і пагражала спыніць іх фінансаванне. Праваабаронцы выказвалі занепакоенасць з нагоды свабоды слова і акадэмічнай свабоды.
У панядзелак CPB падаў у суд на Белы дом пасля таго, як Трамп спрабаваў звольніць трох членаў яго праўлення. Карпарацыя была створана ў 1967 годзе Кангрэсам.
ав