Урад Літвы прыняў рашэнне аб выдзяленні Міністэрству юстыцыі 45 тыс. 400 еўра на аплату юрыдычных паслуг у міждзяржаўнай справе супраць Беларусі аб «незаконным увозе мігрантаў», паведамляе LRT.
26 мая 2025 года стала вядома, што Літва патрабуе ад Беларусі больш за 200 млн еўра ў якасці кампенсацыі шкоды, нанесенай міграцыйным крызісам. Гэтая сума значыцца ў пазове, які Вільня падала 19 мая таго ж года ў Міжнародны суд ААН, які знаходзіцца ў Гаазе ў Нідэрландах, піша «Позірк».
Літва ў сваім пазове сцвярджае, што ў 2021–2023 гадах шкода была выкліканая вымушанымі інвестыцыямі ў будаўніцтва фізічнай загароды, умацаваннем сістэм памежнага кантролю і размяшчэннем на мяжы большай колькасці асабовага складу, чым калі-небудзь раней, — з-за дзеянняў Беларусі.
12 сакавіка Міжнародны крымінальны суд (МКС) пачаў расследаванне па прадстаўленых яму 30 верасня 2024 года матэрыялах Літвы аб здзяйсненні рэжымам Аляксандра Лукашэнкі транспамежных злачынстваў супраць чалавечнасці. Офіс пракурора МКС адкрыў гэтае расследаванне, паколькі прыйшоў да наступнай высновы:
— Існуюць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія падпадаюць пад дзеянне Рымскага статута МКС, былі здзейсненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літвы.
Апошняя, у адрозненне ад Беларусі, з’яўляецца ўдзельніцай МКС.
Міжнародны суд ААН таксама, як і Міжнародны крымінальны суд, засядае ў Гаазе, але мае іншую кампетэнцыю. МКС не ўваходзіць у афіцыйныя структуры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, хоць можа ўзбуджаць справы па прадстаўленні Савета бяспекі ААН.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з 2021 года.
вс