Беларуская Служба

У Беларусі ідзе хапун прызыўнікоў?

06.08.2019 15:54
У краіне шырыцца паніка, людзі не разумеюць, чаму масава пачалі прызываць тых, хто яшчэ вучыцца.
Аўдыё
  • У Беларусі пачаўся прызыў новых жаўнераў у войска. Працэс арганізаваны так, што нагадвае сапраўдны хапун.
Здымае мае ілюстрацыйны характарImage by 5933179 from Pixabay /СС0

Гучыць пытанне, ці краіна рыхтуецца да нейкай вайны?

28 чэрвеня дэпутаты ўхвалілі папраўкі ў закон пра службу ў войску. Новаўвядзенні тычацца парадку прадстаўлення адтэрміновак ад войску на час навучання ў ВНУ. 24 ліпеня іх падпісаў Аляксандр Лукашэнка. 10 жніўня закон набудзе моц.

Галоўная змена – гэта ўвядзенне абмежавання на адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі. Замест ранейшага правіла, калі можна было браць некалькі адтэрміновак на навучанне, цяпер дазволена браць толькі адно звальненне. Калі навучэнец ці студэнт адтэрміноўкай ужо скарыстаўся (напрыклад, скончыў тэхнікум ці ПТВ і паступіў у ВНУ), яму давядзецца ісці ў войска. Тым, хто будзе ўхіляцца ад прызыву, забароняць выезд за мяжу ды магчымасць працы ў дзяржаўных органах і ўстановах.

Закон яшчэ не набыў моц, а ўжо пачалі прыходзіць позвы аб прызыве да студэнтаў. Са словаў відавочцаў вынікае, што працэс маштабны, а людзі непакояцца, асаблівы тыя, хто вучыцца за мяжой, кажа жыхарка Менска.

- Мы не разумеем, у чым справа! Людзі ўжо зарыентаваліся па жыцці, робяць планы, а тут раптам прынялі закон і адразу пайшоў прызыў у войска. Не зразумела, навошта цяпер студэнтам ісці раптам служыць у войска. Нам кажуць, вы адслужыце ды ідзіце куды заўгодна. Што гэта за войска такое, якіх абаронцаў Радзімы яно падрыхтуе? Каля ваенкамата я бачыла мноства людзей рознага ўзросту, хаця прызыў восенню. Навошта іх зганяюць, што з імі будуць рабіць? Навошта такі хапун у войска? Гэта зразумела, калі на час вайны. У нас што, вайна? Украіна ці нешта іншае? Што ў нас ня так? У мяне паніка!

У сваю чаргу эксперты сумняваюцца, што ідзецца пра вайну. У Беларускі пагаршаецца дэмаграфія, войска імкнецца кампенсаваць недабор прызыўнікоў, кажа палітолаг Аляксандр Лагвінец.

- Галоўная прычына тут – дэмаграфія. Няма людзей у краіне, войска рушыцца. Яны прыдумалі, што прадухіляць такім чынам. На кароткі час гэта дасць эфект.

Масавы прызыў моладзі, у тым ліку студэнцкай, можа мець і палітычны падтэкст, зазначае палітолаг з менскага Цэнтру палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч.

- Я ня думаю, што гэта робіцца ў рэчышчы вайны з Украінай ці Польшчай, хутчэй ідзецца пра ўзмацненне патэнцыялу беларускіх узброеных сілаў. Таксама ня моцна гэта звязана і з выбарамі. Хаця нельга выключыць, што ўлады змогуць выкарыстаць дадзеныя змены для таго, каб адправіць у войска грамадска-актыўную моладзь на час выбараў.

Перагляд правілаў прызыву мае аб'ектыўны характар. У святле падзей у рэгіёне (канфлікт ва Украіне, змена вонкавай палітыкі Расеі) Беларусі трэба павялічваць войска, перакананы кіраўнік парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Дарэчы, згаданы працэс ідзе ўжо некалькі год, толькі беларускае вайсковае кіраўніцтва не тлумачыць прынятыя рашэнні людзям, адсюль і нараджаецца паніка.

- Цяпер павялічылася патрэба ў прызыўным кантынгенце і адпаведна зменшыліся падставы для атрымання адтэрміноўкі. Працэс павелічэння колькаснага складу вайсковай арганізацыі ідзе ўжо некалькі год, недзе з 2015-га года. У сённяшніх умовах, гледзячы на тое, што адбываецца ва Украіне ды Расеі, для Беларусі аптымальна мець у два разы большае войска – недзе 100 тысяч жаўнераў. Рост адбываецца ў першую чаргу за кошт прызыўнікоў, бо ўтрыманне прызыўніка ў 2,5 разы таней за кантрактніка. У далейшы будуць зніжацца патрабаванні па здароўі і, магчыма, будзе павялічаны тэрмін службы. Праблема з законам у тым, што ён палавінчаты, і ў тым, што ніхто не вядзе ніякай тлумачальнай працы з людзьмі. Нашыя генералы не разумеюць, што цяпер зусім іншае грамадства, яму трэба тлумачыць, аргументаваць, а гэтага ніхто ня робіць. Адсюль гэтая паніка і чуткі.

У Беларусі нядаўна прынялі папраўкі ў закон аб адтэрміноўцы. Войска вельмі аператыўна прынялася яго выконваць. Позвы аб прызыве пачалі атрымоўваць тыя, хто ўжо меў адтэрміноўку. Ёсць прыклады панікі сярод насельніцтва. Людзі не разумеюць прычыны такога масавага і жорсткага прызыву, непакояцца, што ідзе падрыхтоўка да вайны. Эксперты сумняваюцца ў «ваенным» характары прызыву, прычыны бачацца хутчэй дэмаграфічнага і вайскова-палітычнага характару.

Юры Ліхтаровіч