Беларуская Служба

Крэмль узмацняе інфармацыйную інфраструктуру ў Беларусі

16.10.2019 16:02
«Яшчэ тры гады таму падобных сайтаў налічалася ўсяго некалькі на ўсю Беларусь, але цяперака такіх рэсурсаў ужо каля сарака!»
Аўдыё
  • Пра расійскую інфармацыйную інфраструктуру ў Беларусі расказваў эксперт Андрэй Елісееў.
, ,
Москва, Кремль, ілюстраційне фотоpxhere.com, CC0 Public Domain

Беларусь і Расія фармальна з’яўляюцца хаўрусніцкімі дзяржавамі. На самым высокім палітычным узроўні як у Маскве так і ў Мінску неаднаразова гучалі прапановы вядзення агульнай інфармацыйна палітыкі...

Аднак Расія ў дачыненні да Беларусі праводзіць хутчэй варожую, а не саюзніцкую інфармацыйную палітыку. Пакуль шкодныя дзеянні Крамля маюць толькі падрыхтоўчы характар. Усходні сусед пашырае сваю інфармацыйную структуру ў сінявокай. Палітолаг і аналітык Андрэй Елісееў распавёў пра апошнія змены на беларуска-расійскім інфармацыйным фронце.

-Мы прааналізавалі сітуацыю вакол самых зацятых антыбеларускіх сайтаў, які рэгулярна публікуюць матэрыялы адносна Беларусі і ўтрымліваюць відавочную дэзынфармацыю і прапаганду. Высветлілася, што сітуацыя кардынальна змянілася літаральна за апошнія два гады. Напрыклад, яшчэ тры гады таму падобных сайтаў налічалася ўсяго некалькі на ўсю Беларусь, але цяперака такіх рэсурсаў ужо каля сарака!

Большасць гэтых сайтаў існавалі ўжо даўно, але раней яны факусаваліся на тэмах, звязаных з Украінай, з Захадам, з Сірыяй. На дадзеных сайтах з’явіліся толькі асобныя катэгорыі, прысвечаныя менавіта Беларусі. Адначасова паўсталі 15 абсалютна новых сайтаў, якія пішуць выключна пра Беларусь, і палова з іх - гэта рэгіянальныя сайты. Кантэнт «рэгіянальных сайтаў» складаецца з нейтральных лакальных навінаў, напрыклад, Віцебшчыны або Гомельшчыны, куды ставяць свае шавіністычныя, антыбеларускія матэрыялы.

Што гэта менавіта за сайты, парталы? Як яны выглядаюць? Ці сапраўды туды ўкладваецца дастаткова грошай, ці па ім бачна, што яны кантралююцца з нейкага адзінага цэнтру?

-Дадзеныя сайты маюць стратэгію траянскіх коней: яны прыкідваюцца рэгіянальнымі беларускімі сайтамі. Лагатыпы дадзеных платформаў часцяком уяўляюць сабой герб гораду або выяву вядомага і значанага архітэктурнага помніка абранага рэгіёну. Для недасведчанага наведавальніка такі сайт будзе выглядаць як чарговы рэгіянальны інфармацыйны рэсурс. Аднак, калі прыгледзецца, можна заўважыць, што кожны з іх мае асобны раздзел, насычаны заўзята антыбеларускімі матэрыяламі. Прыклады гэта: па Гомельшчыне – https://sozh.info/, па Магілёўшчыне – http://podneprovie-info.com/, па Гарадзеншчыне – http://grodnodaily.net/, па Берасцейшчыне – http://berestje-news.org/, па Віцебшчыне – http://vitbich.org/.

З пералічаных паўстаў першым https://sozh.info/, рэсурс кантралюецца Сяргеем Лушчом. З апошнія некалькі гадоў гэты сайт набраў значную аўдыторыю. Рэшта рэсурсаў пакуль не карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Трэба разумець, што ўся справа ў грашах. Калі з’явіцца замова на прасоўванне гэтых сайтаў і калі яны пойдуць у сацыяльныя сеткі, то набраць аўдыторыю – гэта пытанне часу.

Вы зараз сказалі, што менавіта за апошнія два гады адбылася кардынальная змена ў развіцці пералічаных сайтаў. Ці гэта сведчыць аб тым, што рыхтуецца пэўная інфраструктура для інфармацыйна поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Беларусі?

-Можна казаць, што ў інтэрнэце такая інфраструктура ўжо часткова створаная. Мы ўжо маем тузін сайтаў, якія факусуюцца на Беларусі. Няслушна казаць, што гэтыя сайты кіруюцца з аднаго цэнтру. Але значная іх частка так ці інакш звязаная з рознымі расійскімі ўрадавымі структурамі. Напрыклад, часцяком на іх можна знайсці прамыя ці ўскосныя спасылкі на адміністрацыю прэзідэнта РФ, на нейкія расійскія дыпламатычныя структуры.

Людзі, якія ўтрымліваюць гэтыя сайты, пэўна разумеюць, што трэба выкарыстоўваць больш сучасныя стратэгіі прасоўвання кантэнту. Працэс будзе ўсё актыўней пераходзіць у сацыяльныя сеткі. Апошнім часам мы менавіта гэта і назіраем. Ананімныя людзі звяртаюцца да адміністратараў суполак Укантакце і прапаноўваць прадаць ім дадзеныя паблікі.

У Беларусі ёсць спецслужбы, працуе Міністэрства інфармацыі, дзейнічаюць аналітычныя цэнтры. У вас склалася ўражанне, што ўлада мае агульную карціну таго, што адбываецца ў інфармацыйным поле, менавіта ў кантэксце адносінаў з Расіяй.

-Хутчэй за ўсё ў пералічаных структурах ёсць абазнаныя людзі. Аднак я не маю ілюзіі: мноства людзей, якія там працуюць, маюць як мінімум няпоўнае разуменне сітуацыі, але адначасова ёсць добра абазнаныя людзі. Галоўнае пытанне заключаецца ў палітычнай волі: усё вырашаецца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Зараз не назіраецца радыкальных дзеянняў з мэтай змяніць сітуацыю.

Пакуль сайты, пра якія мы размаўлялі, даволі непапулярныя. Аднак, што наконт інфармацыйнай прасторы ў цэлым, у прыватнасці тэлебачання? Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ў сваіх сюжэтах нярэдка транслююць слова ў слова пракрамлёўскія наратывы. На дзяржаўнае тэлебачанне рэгулярна, у якасці палітычных экспертаў, запрашаюць людзей з Расіі, прапагандыстаў, людзей, якія маюць неанацысцкую мінуўшчыну, якія акурат стаяць за гэтай рэгіянальнай інфармацыйнай сеткай. Нейкі нонсэнс! Выходзіць, што адна рука дзяржавы не ведае, што робіць другая. (...)

Пра расійскую інфармацыйную інфраструктуру ў Беларусі расказваў эксперт Андрэй Елісееў.

Эдуард Жолуд

слухайце аўдыё