Беларуская Служба

Магчыма, мы будзем сведкамі выбуху звышновай

27.02.2020 17:55
Для астраномаў гэта была б вялікая радасць.
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne shutterstock.com/ Vadim Sadovski

Астраномы назіраюць значныя змены яркасці адной з самых вялікіх і яркіх зорак на начным небе – Бетэльгейзе ў сузор'і Арыёна. Зорка раптоўна цямнее і па гэтым можна меркаваць, што мы будзем сведкамі выбуху звышновай, то бок велізарнага касмічнага выбуху, які будзе бачны з Зямлі ноччу і днём.

Доктар Вераніка Сьліва з Навуковага цэнтра «Капернік» супакойвае, што выбух звышновай быў бы надзвычайнай, але бясшкоднай зʼявай для Зямлі:

- Мы будзем бачыць вельмі яркую зорку на небе нават днём на працягу некалькіх месяцаў, верагодна, тры месяцы. Хачу падкрэсліць, што для нас гэта не з’яўляецца пагрозай. Адлегласць Бетэльгейзе ад Зямлі даволі вялікая, таму наступстваў для нас не трэба баяцца. Для астраномаў гэта была б вялікая радасць.

Зараз Бетэльгейзе цямнейшая ў 2,5 раза, чым яна была яшчэ тры месяцы таму. На думку навукоўцаў, гэта не абавязкова азначае хуткі выбух. Аднак вядома, што Бетэльгейзе рана ці позна выбухне, але невядома, калі гэта адбудзецца, – кажа доктар Вераніка Сьліва. Навуковец дадае, што назіраныя змены могуць быць звязаны з характарам гэтай зоркі:

 - Магчыма, што зорка толькі часова пацямнела, бо Бетэльгейзе вельмі пераменлівая. А іншае тлумачэнне, мабыць, такое, што зорка выкідвае ў прастору вельмі многа пылу ды газу, і цяпер яе святло пранікае праз нейкую хмару пылу, якая прытушыла трошкі яркасць.

Навукоўцы сёння не ў стане сказаць, што ў цяперашні час адбываецца з Бетэльгейзе. Па гэтай прычыне выбух звышновай нельга выключыць:

 - Тое, што ў цяперашні час яркасць зоркі хутка мяняецца, яшчэ не сведчанне таму, што яна неўзабаве выбухне, але гэта паказвае, што там адбываюцца нейкія гвалтоўныя працэсы. Аднак ці гэтыя працэсы прывядуць да выбуху звышновай – нам складана адназначна сказаць.

Бетэльгейзе – зорка, якую называюць чырвоным звышгігантам у сузорʼі Арыёна. Гэта адна з дзевяці яркіх зорак, бачных на начным небе. Яна знаходзіцца каля 700 светлавых гадоў ад зямлі. Зорку назіралі ўжо ў старажытныя часы.

яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка