Беларуская Служба

Палякі ведаюць як знішчыць SARS-CoV-2

26.03.2020 16:36
Польскія даследчыкі знайшлі энзім, які падтрымлівае жыццё каранавіруса.
Аўдыё
  • Польскія даследчыкі выявілі энзім, які падтрымлівае жыццё каранавіруса, і знайшлі метад дзеля хуткага правядзення тэстаў на наяўнасць небяспечнага віруса , а таксама шукаюць сярод даступных лекаў прэпараты, якія ў стане знішчыць энзім у сярэдзіне віруса.
,
Каранавірус, ілюстрацыйны здымакpixabay.com/geralt

Навуковы калектыў Уроцлаўскага палітэхнічнага універсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Марціна Дронга (Marcin Drąg) распрацаваў энзім, дзеянне якога можа быць ключавым у барацьбе з каранавірусам. Скажыце, калі ласка, што вам удалося выявіць і якім чынам можна выкарыстаць гэтае адкрыццё ў нашай актуальнай сітуацыі?

- Мы распрацавалі гэтак званую спецыфіку субстрата, то бок мы зрабілі ключ да найважнейшага бялка, які знаходзіцца ў сярэдзіне гэтага віруса. Гэты энзім адказвае за рост  віруса. Калі мы спыняем дзеянне гэтага энзіму, то вірус няўхільна памрэ. Зразумела, што гэты энзім з'яўляецца нашай мэтай дзеля падборкі лекаў. Буйнейшыя лабараторыі і фармацэўтычныя кампаніі ў свеце даследуюць гэты энзім, таму што выключэнне яго прычыніцца да таго, што вірус больш не рэплікуе, то бок не зможа размнажацца.

Даследчыкі шукаюць лек супраць гэтага энзіма, а ці магчыма, што такі лек, які спыняе актыўнасць ферменту, ужо існуе?

- Гэтым мы таксама займаемся. Мы працуем адначасова ў трох напрамках. Па-першае, мы выявілі, што трэба звярнуць увагу на гэты энзім, і што можна пацвердзіць яго існаванне з дапамогай флуарэсцэнцыі. Гэта адзін з найважнейшых метадаў дыягностыкі пацвярджэння, што ён актыўны. Мы інтэнсіўна працуем над тым, каб з выкарыстаннем гэтага метаду распрацаваць тэст. З дапамогай гэтага тэсту вельмі хутка, менш чым за паўгадзіны, будзе вядомы вынік пацыента.

 Прафесар Дронг адзначае, што пошукі лекаў супраць Covid-19 вядуцца ў двух накірунках.

- Першы, самы важны напрамак - гэта даследаванне лекаў, якія выкарыстоўваюцца супраць іншых хвароб. Мы правяраем, ці дадзены энзім як-небудзь рэагуе на гэтыя фармацэўтычныя прэпараты. Калі так, значыць, ёсць лек супраць каранавіруса. І гэта важна, таму што дадзенае лякарства прайшло ўсе абавязковыя працэдуры, яно зарэгістравана і яго можна смела прымяняць у барацьбе супраць гэтага віруса.

Польскія даследчыкі не трымалі ў сакрэце вынікаў сваёй працы, а абнародавалі сваё адкрыццё цэламу навуковаму свету і цяпер вучоныя з іншых краін могуць ім карыстацца.

- Гэта сапраўды так. Мы не запатэнтавалі гэтыя веды, мы апублікавалі іх на гэтак званым е-прэпрінце, гэта база неапублікаваных яшчэ ў навуковым часопісе даследаванняў. І наша распрацоўка карыстаецца надзвычай вялікай папулярнасцю. Калі я гладзеў, то было 55 тысяч уваходаў – гэта вельмі многа. Мы там выклалі дыягностыку, мы расказалі, якія метады выкарысталі. Такім чынам фірмы, якія праводзяць скрынінг гэтага энзіму адразу атрымліваюць гатовыя працэдуры.

Растлумачце, калі ласка, якім чынам адрозніваецца цяперашні вірус SARS ад таго, які выклікаў эпідэмію ў 2002-2003 гг.

- Паводле мяне, на нашую карысць ён адрозніваецца тым, што выклікае на многа меншую смяротнасць, чым ранейшы SARS, тады смяротнасць была на многа большая. А калі казаць пра цяперашні SARS, то ён намнога больш хутка перадаецца з чалавека на чалавека. Мы супрацоўнічаем з калектывам прафесара Гільдэнфельда з універсітэта з Любека (Нямеччына). Прафесар удзельнічаў у даследаваннях у 2002-2003 гг. і зрабіў вялікі ўнёсак у спыненне эпідэміі. Ён нам прывёз ва Уроцлаў энзім таго папярэдняга віруса і мы параўналі яго з цяперашнім. Гэтыя вірусы мала чым адрозніваюцца. Гэта толькі дзясятак амінакіслот, паводле вучоных, гэта касметычнае адрозненне.

Прафесар Марэк Дронг зазначае, што даследаванні папярэдняга віруса SARS і вынікі тэставання лекаў у 2002-2003 гг. смела можна выкарыстаць цяпер. Мала таго, лекі і вакцыны, якія тады распрацоўваліся, могуць быць эфектыўнымі цяпер.

Польскія даследчыкі з Універсітэта ва Уроцлаве выявілі энзім, які падтрымлівае жыццё каранавіруса, і знайшлі метад дзеля хуткага правядзення тэстаў на наяўнасць небяспечнага віруса ў пацыента, а таксама шукаюць сярод даступных лекаў такія прэпараты, якія ў стане знішчыць энзім у сярэдзіне віруса.

яс

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка