Беларуская Служба

Польскі Сейм прыняў новы Закон аб абароне жывёлы

18.09.2020 08:17
Забарона пушных фермаў выклікае ў Польшчы вельмі моцныя эмоцыі
Аўдыё
  • Забарона пушных фермаў выклікае ў Польшчы вельмі моцныя эмоцыі
Паседжанне Сейму PAP/Marcin Obara

Гэтак званая «пяцёрка для жывёлы» прадугледжвае, між іншым, забарону вырошчвання пушных звярэй, абмежаванне рытуальнага забою і новыя правілы дзейнасці прытулкаў для бяздомных жывёл і ўтрымліванне сабак на ланцугах.

Прапановы выклікалі надзвычай шмат эмоцый. Асяроддзе фермераў і жывёлагадоўцаў пушных звярэй пераконваюць, што гэта знішчыць іх бізнес і пакіне тысячы людзей без працы.

Дэпутат «Права і справядлівасці», віцэ-міністр рэгіянальнай палітыкі Гжэгаж Пуда гаварыў падчас дэбаты ў Сейме, што 73% грамадства, у тым ліку 72% жыхароў вёсак, падтрымліваюць навэлізацыю Закону аб ахове жывёлы. Віцэ-міністр Пуда казаў, што на працягу апошніх гадоў жыхары вёсак пратэставалі супраць фермаў пушных звярэй ажно 140 разоў:

-Гэтыя фермы месцяцца на вясковай тэрыторыі, побач з малымі мясцовасцямі, дзе людзі вырошчваюць збожа, гадуюць свіней, дзе людзі вядуць жывёльную вытворчасць, але як раз гэты від дзейнасці польская вёска не падтрымлівае. Польскія фермеры не падтрымліваюць гэтага роду дзейнасці.

Віцэ-міністр рэгіянальнай палітыкі таксама падкрэсліў, што забарона пушных фермаў не будзе мець уплыву на польскую гаспадарку. Гжэгаж Пуда дадаў, што законапраект аб ахове жывёлы набліжае Польшчу да сітуацыі ў многіх краінах Еўропы. Паводле яго, гэта сведчанне таго, што Польшча з’яўляецца сучаснай краінай.

Супраць прыняцця законапраекту выказваецца Польская сялянская партыя. Марэк Савіцкі агучыў пазіцыю свайго клубу і гаварыў, што калі гаворка ідзе пра забарону пушных фермаў, то неабходна шукаць паразуменне:

-Натуральна, у свеце ёсць тэндэнцыя, трэба гэта гуманізаваць, трэба ад гэтага адмовіцца. Але адмовіцца цывілізаваным шляхам. Не можна з дня на дзень прадпрымальнікам, якія рабілі інвестыцыі, сказаць: праз год мы пра вас забудзем. Калі ласка, дзесяць гадоў пераходнага перыяду, каб спыніць вытворчасць, ці 10 гадоў кампенсацыі за страчаны даход.

Адначасова Марэк Савіцкі выказаў боязі ў сувязі з рытуальным забоем, паколькі цяпер гэта вялікая прымысловасць. Яго партыя будзе галасаваць супраць.

Дэпутат «Права і справядлівасці» Марэк Сускі, звяртаючыся ў Сейме да праціўнікаў змен, спасылаўся на веру:

-Паны гэтага свету, а гэта людзі, маюць абавязак клапаціцца пра слабейшых, у тым ліку гаворка пра жывёлу, якая слабейшая за чалавека. Гэта чалавек мае стрэльбу, сеткі. Гэта ён, на жаль, вырошчвае жывёлу таксама для забавы.

Пяцьдзесят польскіх прафесараў заклікалі да міжпартыйнай падтрымкі Закона аб абароне жывёлы. У асноўным да неабходнасці забароны гадоўлі пушных звярэй і выкарыстання жывёл у цырках.


«Мы, ніжэйпадпісаныя, звяртаемся з просьбай аб шырокай міжпартыйнай падтрымцы абвешчанага новага закона аб абароне жывёлы, у прыватнасці, аб уключэнні Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў нагляд за яго выкананнем, забароне развядзення жывёлы на футра, абмежаванні рытуальнага забою толькі патрэбамі мясцовых меншасцей, абмежаванне права весці прытулак да органаў мясцовага самакіравання ці адпаведных грамадскіх арганізацый, забарону выкарыстання жывёлы ў цырках і вызначэння гуманных стандарты ўтрымання сабак», – гаворыцца ў звароце.

Пад зваротам падпісаліся паўсотні прафесараў, у асноўным з універсітэтаў і Польскай акадэміі навук. Пад ім падпісалася і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Вольга Такарчук.

«Мы перакананы ва ўніверсальнай этычнай каштоўнасці запланаваных змен, якія штогод будуць ратаваць ад сур'ёзных пакут мільёны жывёл. У той жа час мы цэнім іх важнасць для іміджу Польшчы, асабліва ў параўнанні з нашымі заходнімі і паўднёвымі суседзямі, а таксама мноства станоўчых сацыяльных эфектаў ад спынення або радыкальнага скарачэння практык, якія шырока прычыняюць псіхалагічны дыскамфорт многім палякам, асабліва польскім жанчынам, і атручваючы літаральна і ў пераносным значэнні мясцовых супольнасцяў блізу ферм і бойняў», – падкрэслена ў звароце.

Падпісанты звароту адзначаюць, што змены ў заканадаўства, якія абараняюць жывёлу, патрабуюць шырокай міжпартыйнай падтрымкі ўсіх людзей добрай волі, незалежна ад палітычных сімпатый і антыпатый і рознагалоссяў у поглядах на іншыя грамадскія пытанні.

«Мы лічым, што такі саюз вакол прапанаваных змяненняў магчымы, калі іх падрыхтоўка і змест вызвалены ад якіх-небудзь палітычных і філасофскіх нагрузак. Таму мы ад усёй душы заклікаем да максімальна шырокай падтрымкі ў галіне павышэння стандартаў абыходжання з жывёламі, якая павінна быць прадметам этычнага кансэнсусу, а не палітычнай спрэчкі», – адзначаецца.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце